Валянціна Іванаўна Батанава нарадзілася ў вёсцы Лесуны Казловіцкага сельсавета ў сям'і сялян. У дзяцінстве разам з сям’ёй перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З 13 гадоў працавала паляводам у калгасе імя Кірава (цэнтр – вёска Казловічы Слуцкага раёна). З 1961 г. працавала даяркай. Пасля механізацыі вытворчасці працягвала працаваць аператарам машыннага даення ў тым жа калгасе. У працы пастаянна дабівалася высокіх паказчыкаў па надоях малака.
Указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 лютага 1975 г. і ад 16 снежня 1980 г. Валянціна Іванаўна Батанава была ўзнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы ІІІ-й і ІІ-й ступеняў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 жніўня 1988 г. за дасягненне высокіх вынікаў па павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на аснове асваення інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў у арганізацыі працы ў земляробстве і жывёлагадоўлі Батанава Валянціна Іванаўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы І-й ступені. У 1991 г. ёй было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР”. Імя поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы В.І. Батанавай занесена на Дошку гонару Слуцкага раёна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.