Іван Паўлавіч Белахвостаў нарадзіўся ў вёсцы Горкі Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Працоўную дзейнасць пачынаў на шахтах Данбаса. З 1959 г. узначальваў калектыў шахты “Халодная Балка” трэста “Макееўвугаль” у пасёлку Пралетарскі Сталінскай вобласці Украінскай ССР (з 1975 г. у складзе горада Макееўка Данецкай вобласці). Шахтакіраўніцтва “Халодная Балка” пачало работу ў 1957 г. і складалася з пяці адасобленых шахт, агульная праектная магутнасць якіх складала 450 тыс. тон каменнага вугалю ў год. Працаўнікі шахты з першых жа дзён паказвалі прыклад працоўнай доблесці і штодня адгружалі 5-6 эшалонаў коксавага вугалю. Да 1959 г. на праходцы і ў забоях працавала пяць брыгад, якія заваявалі права называцца “брыгадай камуністычнай працы”. У 1959–1965 гг. калектыў шахты паспяхова праводзіў работы па аб’яднанні падземных выпрацовак, скарачэнні працягласці выпрацовак. Механізацыя і аўтаматызацыя вытворчых працэсаў дазволілі карэнным чынам змяніць умовы працы шахцёраў. У выніку амаль у два разы вырасла прадуктыўнасць працы, было сэканомлена 1,2 мільёны рублёў.
Пад кіраўніцтвам І.П. Белахвостава ў жніўні 1963 г. аб’яднаная шахта “Халодная Балка” атрымала ганаровае найменне калектыва камуністычнай працы і штогод пацвярджала гэтае званне. Заданні сямігадовага плана калектыў выканаў у жніўні 1964 г., звышпланавая здабыча склала 1 338 тыс. тон вугалю. За гэты час на прадпрыемстве вырасла цэлая кагорта майстроў па здабычы вугалю, пераймаць вопыт работы якіх прыязджалі шахцёры з Вялікабрытаніі, Францыі, ФРГ і Японіі.
Не спыняючыся на дасягнутым, калектыў шахты “Халодная Балка” прыняў новыя, павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы. У 1968 г. было здабыта звыш плана 100 тыс. тон паліва. У 1970 г. шахцёры Халоднай Балкі завяршылі восьмую пяцігодку на тры месяцы раней тэрміну.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 сакавіка 1971 г. за выдатныя поспехі ў выкананні пяцігадовага плана па развіцці вугальнай і сланцавай прамысловасці і дасягненне высокіх тэхніка-эканамічных паказчыкаў Івану Паўлавічу Белахвоставу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Іван Белахвостаў надаваў вялікую ўвагу сацыяльна-культурнаму развіццю пасёлка Пралетарскі, які сфарміраваўся вакол шахты “Халодная Балка”. Дзякуючы яго намаганням рабочы пасёлак Пралетарскі ператварыўся ў квітнеючы сад: тут была высаджана амаль тысяча елак і бяроз, агульная колькасць дэкаратыўных і пладовых раслін наблізілася да сотні тысяч. Важнае значэнне надаваў І.П. Белахвостаў стварэнню добрых умоў працы і побыту шахцёраў. У 1959–1970 гг. у пасёлку было пабудавана каля 94 тыс. кв. м жылля, радзільны дом, паліклініка, санаторый-прафілакторый, водалячэбніца, аптэка, 6 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, універмаг, гастраном, тры прамтаварных і столькі ж прадуктовых крам, дзясятак спецыялізаваных магазінаў і кіёскаў. Аранжарэя і цяпліца забяспечвалі мясцовых жыхароў свежай гароднінай і кветкамі круглы год. Сфера адукацыі была прадстаўлена сярэдняй і трыма няпоўнымі сярэднімі школамі, школай-інтэрнатам, школай рабочай моладзі, дванаццаццю дашкольнымі ўстановамі. Асаблівым гонарам І.П. Белахвостава стаў уласны вучэбна-вытворчы камбінат. У Пралетарскім былі абсталяваны сучасныя корты, спартыўныя пляцоўкі, два стадыёны, тры бібліятэкі, два клубы, летні тэатр на 700 месцаў. Сярод устаноў культуры вызначаўся сучасны Палац культуры на 370 месцаў з пакоямі для гульнявых заняткаў, лекцыйнай і спартыўнай заламі. У пачатку 1970-х гг. на ўсесаюзным конкурсе населеных пунктаў з насельніцтвам да 20 тыс. жыхароў пасёлак Пралетарскі заняў першае месца.
У 1974 г. Іван Паўлавіч Белахвостаў выйшаў на заслужаны адпачынак. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1957, 1971), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), медалём «За працоўную адзнаку» (1951), поўны кавалер знака “Шахцёрская слава”. 22 жніўня 2006 г. на будынку адміністрацыі шахты “Халодная Балка” адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Герою Сацыялістычнай Працы І.П. Белахвоставу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.