Краткая справка:
мемарыял у гонар абаронцаў Магілёва, якія загінулі ў ліпені 1941 г.
Названия на других языках:
Мемориальный комплекс "Буйничское поле" (русский);
3336 символов
Справка
Магілёў з’яўляўся важным стратэгічным пунктам на шляху да Масквы. Каб спыніць і на некаторы час затрымаць ворага, жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін выкапалі перад Магілёвам процітанкавы роў (даўжынёй больш за 25 км), пабудавалі траншэі, бліндажы, на некаторых вуліцах зрабілі барыкады; сапёры паставілі мінныя палі. Для захопу горада на Дняпры нямецкае камандаванне сканцэнтравала на гэтым напрамку танкавую дывізію, некалькі пяхотных часцей і іншыя вайсковыя фарміраванні, якія падтрымліваліся артылерыяй і авіяцыяй. Ім процістаялі 172-я стралковая дывізія (камандуючы генерал-маёр М. Раманаў), батальён міліцыі, курсанты школы НКУС і апалчэнцы. У пачатку ліпеня 1941 г. на Буйніцкім полі заняў абарону 388-й стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка С. Куцепава. 12 ліпеня вораг атакаваў яго пазіцыі, разлічваючы хутка ўварвацца і захапіць Магілёў. Адбыўся самы цяжкі за перыяд абароны бой, які працягваўся 14 часоў. Пры падтрымцы 340-га лёгкага артылерыйскага палка воіны С. Куцепава мужна змагаліся і знішчылі 39 танкаў праціўніка. Яны ўтрымлівалі абарону да 22 ліпеня. У 1962 г. у гонар байцоў 388-га палка на месцы былых баёў устаноўлены абеліск.
Рашэнне аб стварэнні мемарыяла «Буйніцкае поле» было прынята ў 1983 г. Аўтарамі праекта сталі беларускія архітэктары У. Чаленка і А. Бараноўскі. Будаўніцтва пачалося ў 1994 г. 9 мая 1995 г. у дзень 50-годдзя Вялікай Перамогі мемарыял, прысвечаны мужным абаронцам Магілёва, быў адкрыты. Пачынаецца ён з вялікай аркі, якая аб’яднана алеяй з 27-мятровай чырвонай капліцай, пабудаванай у традыцыйным для праваслаўнай архітэктуры стылі. У нішах устаноўлены чатыры памятныя дошкі з імёнамі загінуўшых абаронцаў і народных апалчэнцаў. Унутраныя сцены капліцы ўпрыгожаны фрэскамі. У цэнтры на п’едэстале знаходзіцца сімвалічная «Кніга памяці». Маятнік Фуко, які сімвалізуе вечную памяць аб загінуўшых на Буйніцкім полі ў ліпені 1941 г., устаноўлены там жа. Пад капліцай размешчаны склеп для перапахавання астанкаў воінаў Чырвонай Арміі, знойдзеных на палях баёў і ў наваколлі Магілёва. Ад капліцы разыходзяцца чатыры алеі. Адна з іх названа імем К. Сіманава, які быў сведкам бою 12 ліпеня і апісаў яго ў нарысе «Горячий день». Алея заканчваецца вялікім памятным каменем-валуном (быў устаноўлены 25 лістапада 1980 г.), дзе выбіта факсіміле «Константин Симонов». З адваротнага боку змешчана мемарыяльная дошка з надпісам: «...Всю жизнь он помнил это поле боя 1941 года и завещал развеять здесь свой прах». 17 красавіка 2004 г. на тэрыторыі мемарыяла была закладзена «Алея абаронцаў Магілёва». У ансамбль уваходзяць таксама штучны вадаём «Возера слёз» – сімвал слёз маці, якія страцілі сыноў у гады вайны; абеліскі на брацкіх магілах апалчэнцаў, воінаў і невядомага чырвонаармейца 172-й дывізіі. Вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаецца экспазіцыя баявой, ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» – гэта не проста бронза, камень и бетон. Гэта – цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі. Там праводзяцца Вахты памяці, урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, падводзяцца вынікі агітпрабегаў і злётаў удзельнікаў паходаў па месцах баявой славы, урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавінам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святам Перамогі.