Уладзімір Анатольевіч Бяляўскі – ураджэнец Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1986 г. скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча і быў накіраваны на вайсковую службу. У 1990 г. пасля заканчэння Харкаўскага гвардзейскага вышэйшага танкавага каманднага вучылішча стаў камандзірам танкавага ўзвода 126-й дывізіі марской пяхоты Чырванасцяжнага Чарнаморскага флоту. У жніўні 1992 г. узначаліў узвод баявых плыўцоў роты спецыяльнага прызначэння 810-й асобнай брыгады марской пяхоты Чарнаморскага флоту, з 1993 г. камандаваў гэтай ротай, прымаў удзел у аперацыях па выратаванні расійскіх міратворцаў у Абхазіі. У 1996–1999 гг. – начальнік штаба – намеснік камандзіра 888-га асобнага разведвальнага батальёна марской пяхоты Чарнаморскага флоту.
У 2001 г. У.А. Бяляўскі скончыў агульнавайсковую акадэмію Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і стаў камандзірам 1200-га асобнага разведвальнага батальёна 77-й асобнай гвардзейскай брыгады марской пяхоты Каспійскай флатыліі. У 2001 г. маёру Бяляўскаму было прысвоена воінскае званне падпалкоўніка.
Уладзімір Бяляўскі вызначыўся ў час правядзення контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Чачэнскай Рэспублікі. У адным з баёў падраздзяленне марскіх пехацінцаў пад камандаваннем падпалкоўніка Бяляўскага з мінімальнымі стратамі перамагла ў баі з перавышаючымі сіламі праціўніка. Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 8 жнiўня 2006 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку ў Паўночна-Каўказскім рэгіёне, гвардыі падпалкоўніку Уладзіміру Анатольевічу Бяляўскаму было прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі з уручэннем медаля «Залатая Зорка».
Палкоўнік Бяляўскі працягвае службу ў Ваенна-Марскім флоце. У 2016 г. скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. З 2018 г. узначальвае штаб і з’яўляецца першым намеснікам камандзіра 68-га армейскага корпуса Усходняй ваеннай акругі (Сахалінская вобласць). Узнагароджаны ордэнам «За ваенныя заслугі» (2012), медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.