Дата рождения:
06.08.1929 Цярэсіна, в., Бярэзінскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
25.10.1998
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі, Герой Сацыялістычнай Працы (1971), кавалер ордэна Леніна, двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга
Варианты имени:
Бельскі Рыгор Васілевіч
Имена на других языках:
Бельский Григорий Васильевич (русский);
2183 символа
Справка
Рыгор Васільевіч Бельскі нарадзіўся ў вёсцы Цярэсіна Бярэзінскага раёна. З 1953 г. працаваў аграномам Бярэзінскай машынна-трактарнай станцыі (МТС) і калгаса імя Крупскай. У 1955 г. пераехаў у Горацкі раён Магілёўскай вобласці. Вучыўся на завочным аддзяленні Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (БСГА), працаваў аграномам, старшынёй праўлення, начальнікам аддзела вучэбна-вопытнай гаспадаркі БСГА. У 1961 г. быў абраны старшынёй калгаса «Запаветы Ільіча» вёскі Палёнка Горацкага раёна.
Малады старшыня клапаціўся пра побыт людзей, дапамагаў інвалідам і ветэранам вайны, шмат увагі надаваў будаўніцтву гаспадарчых аб'ектаў, не забываў і аб планавых паказчыках. Дзякуючы намаганням Р.В. Бельскага ў калгасе змянілася структура пасяўных плошчаў, што спрыяла рацыянальнаму выкарыстанню зямель. З цягам часу ўраджайнасць збожжавых культур вырасла да 30 цэнтнераў з гектара. У 1966–1970 гг. вытворчасць збожжа ўзрасла на 207, бульбы – на 167, ільновалакна – на 158, мяса – на 250 і малака – на 195 працэнтаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, Рыгору Васільевічу Бельскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».
У сямідзесятыя гады ХХ ст. калгас «Запаветы Ільіча» быў буйным сельгаспрадпрыемствам мяса-малочнага напрамку. На яго тэрыторыі дзейнічалі васьмігадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін, фельчарска-акушэрскі і ветэрынарны пункты, комплексны прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання. На працягу 1971–1979 гг. гаспадарка пад кіраўніцтвам Р.В. Бельскага з’яўлялася адной з лепшых у раёне і вобласці.
У 1979 г. Рыгор Васільевіч Бельскі ўзначаліў Горацкі раённы камітэт народнага кантролю. Працоўныя подзвігі старшыні калгаса «Запаветы Ільіча» адзначаны ордэнам Леніна (1971), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966, 1975), медалямі. З 2014 г. лепшым гаспадаркам Горацкага раёна ўручаецца пераходны прыз імя Герояў Сацыялістычнай Працы Р.В. Бельскага і І.І. Мельніка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.