Зінаіда Парамонаўна Белякова нарадзілася ў вёсцы Таўстыкі Сіроцінскіага раёна Беларускай ССР (у выніку баявых дзеянняў 1943–1944 гг. вёска была знішчана). У гады Вялікай Айчыннай вайны Зіна Белякова перажыла нямецкую акупацыю (1941–1944), засталася без бацькі.
У 1952 г. разам з маці пераехала ў пасёлак Ціміразева Слаўскага раёна Калінінградскай вобласці РСФСР, працавала на жывёлагадоўчай ферме саўгаса «Ціміразеўскі» даяркай. Працавітая дзяўчына штогод павялічвала сярэднія паказчыкі надояў малака і заўсёды была ў ліку перадавікоў вытворчасці. Ужо на пяты год працы даяркай З.П. Белякова надойвала больш за 5500 кілаграмаў малака ад адной каровы, за што была ўзнагароджана ордэнам Леніна. З цягам часу яна дабілася яшчэ лепшых вынікаў, калі гадавыя паказчыкі надою малака па яе групе склалі шэсць тысяч кілаграмаў малака.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. Зінаідзе Парамонаўне Беляковай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».
Да канца 1960-х гг. у саўгасе «Ціміразеўскі» выкарыстоўвалася ручная дойка кароў. Зінаіда Белякова першай у раёне асвоіла механічную дойку і навучыла гэтаму даярак сваёй брыгады. За гады працы на ферме З.П. Белякова надаіла больш мільёна літраў малака. Яе імя было занесена ў абласную Кнігу працоўнай славы.
Зінаіда Парамонаўна Белякова прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: у 1966–1970 гг. з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, была членам Калінінградскага абкама КПСС, узнагароджана 2 ордэнамі Леніна (1957, 1966), ордэнам «Знак Пашаны» (1971), медалямі. У гонар Зінаіды Беляковай была названа вуліца ў пасёлку Ціміразева Слаўскай гарадской акругі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.