Тамара Мікалаеўна Барысава нарадзілася ў Мінску. У 1955 г. скончыла Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) і атрымала спецыяльнасць «інжынер-металург». Па накіраванні прыбыла ў горад Сатка Чалябінскай вобласці на завод «Магнезіт» (цяпер ААТ «Камбінат «Магнезіт»), які спецыялізаваўся на вытворчасці вогнетрывалых вырабаў для металургічнай прамысловасці. Уладкавалася на працу ў цэх металургічнага парашка, дзе працавала да заканчэння сваёй прафесійнай дзейнасці. За час работы на прадпрыемстве прайшла шлях ад майстра да начальніка цэха. Шляхам павышэння каэфіцыента выкарыстання абсталявання рэалізавала комплекс мер па інтэнсіўным развіцці цэха, спрыяла ўдасканальванню тэхналогіі вырабу парашкоў, што прывяло да паляпшэння іх якасці і павелічэння колькасці выпускаемай прадукцыі. Унесла больш за дзесяць рацыяналізатарскіх прапаноў, што дало добрыя эканамічныя вынікі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 30 сакавіка 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў пяцігадовага плана па развіцці чорнай металургіі, Тамары Мікалаеўне Барысавай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У якасці дэпутата Вярхоўнага Савета СССР (1962–1966) Т.М. Барысава спрыяла рэалізацыі наказаў выбаршчыкаў Чалябінскай вобласці, займалася вырашэннем сацыяльных праблем, будаўніцтвам жылля, дзіцячых устаноў і школ. Тамара Мікалаеўна Барысава ўзнагароджана ордэнам Леніна (1971), медалямі, у тым ліку «За працоўную доблесць» (1960). У 1982 г. была дэлегатам XVII з'езда прафсаюзаў СССР, стала ганаровай грамадзянкай горада Сатка і Саткінскага раёна Чалябінскай вобласці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта «Герои страны».