Уладзімір Пятровіч Бразгуноў нарадзіўся ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны падлеткам перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю. Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы і службы ў радах Савецкай Арміі прыехаў у Свярдлоўск (з 1991 г. – Екацерынбург) і стаў працаваць токарам на электратэхнічным заводзе «Уралэлектраапарат» (з 1964 г. – «Уралэлектрацяжмаш»).
Шмат часу У.П. Бразгуноў прысвячаў павышэнню прафесійнага майстэрства, стаў сапраўдным майстрам сваёй справы і брыгадзірам токараў-карусельшчыкаў. Разам з таварышамі прымаў удзел у вытворчасці гідрагенератараў для шэрага гідраэлектрастанцый краіны. Без адрыву ад вытворчасці скончыў Свярдлоўскі машынабудаўнічы тэхнікум. Штогод Уладзімір Бразгуноў станавіўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў. У 1974 г. за поспехі ў выкананні планаў дзевятай пяцігодкі быў быў прызнаны лепшым рабочым «Уралэлектрацяжмаша» і ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў дзесятай пяцігодкі, атрымаў ордэн Леніна. Некалькі разоў Уладзімір Бразгуноў прымаў удзел у рабоце Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, быў адзначаны медалём і дыпломамі ВДНГ, у 1979 г. за ўдарную працу атрымаў аўтамабіль «Масквіч-412».
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 чэрвеня 1986 г. за вялікі ўклад у датэрміновае выкананне заданняў адзінаццатай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў, павышэнне якасці электратэхнічнага абсталявання на аснове ўдасканалення тэхналогіі вытворчасці і праяўленую працоўную доблесць, Уладзіміру Пятровічу Бразгунову было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Больш за сорак гадоў Уладзімір Бразгуноў працаваў на заводзе «Уралэлектрацяжмаш» (цяпер – ААТ «Уралэлектрацяжмаш-Уралгідрамаш»). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1981, 1986), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), медалямі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак жыў у Свярдлоўску, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, доўгі час уваходзіў у склад праўлення Свярдлоўскага абласнога аддзялення Савецкага фонду міру. У 1986 г. Уладзімір Пятровіч Бразгуноў стаў ганаровым грамадзянінам Свярдлоўска (цяпер – Екацерынбург). На доме № 72 па вуліцы Чырвоных камандзіраў, дзе жыў У.П. Бразгуноў, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта «Герои страны».