Барыс Васільевіч Браховіч нарадзіўся ў Невельскім павеце Віцебскай губерні (цяпер – Невельскі раён Пскоўскай вобласці Расіі). Дзіцячыя гады правёў у Віцебску. У 1931 г. скончыў сярэднюю школу, у 1933 г. – Віцебскае фабрычна-завадское вучылішча Маскоўска-Балтыйскай чыгункі, працаваў слесарам па рамонце паравозаў у дэпо станцыі Віцебск.
З 1934 г. жыў у Томску, працаваў на мясцовай фабрыцы. У 1935–1941 гг. вучыўся на энергетычным факультэце Томскага індустрыяльнага інстытута. У 1941–1946 гг. працаваў на Чалябінскім ферасплаўным заводзе, дзе прайшоў шлях ад памочніка майстра да начальніка аддзела абсталявання.
У кастрычніку 1946 г. Б.В. Браховіч накіраваны на будаўніцтва Базы-10 (пасля завод № 817) – прадпрыемства па вытворчасці плутонія. Прайшоў шлях ад пасады начальніка аддзела абсталявання да дырэктара рэактарнага завода № 156.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 ліпеня 1966 г. за выдатныя дасягненні ў працы Барысу Васільевічу Браховічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
З мая 1971 г. Б.В. Браховіч узначальваў хімічны камбінат «Маяк», з кастрычніка 1988 г. – вытворчае аб’яднанне «Маяк». Унёс пэўны ўклад ва ўдасканаленне вытворчасці рэактараў, што дазволіла ў некалькі разоў павялічыць іх магутнасць; кардынальна змяніў тэхналагічны працэс вытворчасці ў хімічным цэху, у выніку чаго знізілася апрамяненне персаналу і палепшылася якасць прадукцыі. Кіраваў будаўніцтвам рэактараў «Руслан» і «Людміла» для выпрацоўкі радыеізатопаў. З удзелам Б.В. Браховіча былі пабудаваны завод радыеізатопаў і завод РТ-1 для перапрацоўкі ядзернага паліва; пушчаны ўнікальны комплекс па захаванні вадкіх высокаактыўных адходаў; здзейснены мерапрыемствы па рэабілітацыі забруджаных тэрыторый у рэгіёне. Барыс Браховіч – аўтар больш трыццаці рацыяналізатарскіх прапаноў і трох вынаходак, ініцыятар будаўніцтва Паўднёва-Уральскай АЭС. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак працаваў інжынерам тэхнічнага аддзела, вядучым інжынерам-тэхнолагам ВА «Маяк».
У якасці дэпутата Азёрскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных Барыс Браховіч займаўся вырашэннем сацыяльных праблем, будаўніцтвам жылля, школ і дашкольных устаноў, аб’ектаў аховы здароўя.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1966, 1986), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1976), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1951, 1981), ордэнам «Знак Пашаны» (1962), медалём «За працоўныя дасягненні» (1953) медалём «За заслугі перад Айчынай» ІІ-й ст. (1998). Лаўрэат Ленінскай (1960) і Сталінскай (цяпер Дзяржаўная прэмія СССР, 1953) прэмій.
У 1985 г. Барыс Браховіч стаў ганаровым грамадзянінам Азёрска. Яго імя носіць плошча, на доме, у якім жыў Б.В. Браховіч, а таксама на будынку дырэкцыі ВА «Маяк» усталяваны мемарыяльныя дошкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта «Герои страны».