Дата рождения:
14.11.1920 Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
1986
Краткая справка:
спецыяліст у галіне сельскай гаспадаркі (старшыня калгаса), Герой Сацыялістычнай Працы (1976), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Леніна (1973; 1976), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Айчыннай вайны І-й ст. (1944; 1985), Чырвонай Зоркі (1942), “Знак Пашаны” (1966), медалямі
Имена на других языках:
Анисимов Иван Еремеевич (русский); Анисимов Иван Ефремович (русский);
2700 символов
Справка
Іван Ерамеевіч Анісімаў нарадзіўся ў вёсцы Балонаў Сялец Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў няпоўную сярэднюю школу ў роднай вёсцы, Магілёўскі палітыка-асветніцкі тэхнікум. Працаваў піянерважатым, выхавацелем у дзіцячым доме, узначальваў Дом культуры.
У кастрычніку 1940 г. Іван Анісімаў стаў чырвонаармейцам. У пачатку чэрвеня 1941 г. быў накіраваны ў ваенна-палітычнае вучылішча, якое скончыў праз паўгода. Ваяваў на Паўночна-Заходнім, Бранскім, Сталінградскім франтах. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ст., медалём “За адвагу”.
Пасля дэмабілізацыі І.Е. Анісімаў знаходзіўся на гаспадарчай рабоце ў Літве. У 1950 г. вярнуўся на Беларусь. Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы быў загадчыкам аддзела, а потым сакратаром Дзісенскага райкама. У канцы 1959 г. узначаліў калгас “Цвеціна” Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, з 1970 г. – кіраўнік аб’яднанага калгаса імя Г.С. Цітова.
У канцы 1950-х гг. ураджайнасць збожжавых у калгасе “Цвеціна” складала 7-8 цэнтнераў з гектара. Дзякуючы намаганням А.Е. Анісімава ў 1965 г. яна склала 16-17, праз 10 гадоў вырасла да 35, а ў 1976 г. дасягнула 40 цэнтнераў з гектара. Рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў дазваляла гаспадарцы штогод павялічваць ураджайнасць бульбы і льновалакна, вытворчасць кармоў. За гады 9-й пяцігодкі (1971–1975) быў уведзены ў вытворчасць свінагадоўчы комплекс, адкрыты цэхі раслінаводства і жывёлагадоўлі, сфарміраваны паляводчыя і жывёлагадоўчыя ўчасткі. Шмат увагі надаваў І.Е. Анісімаў паляпшэнню жыллёва-побытавых умоў калгаснікаў. Дзякуючы яго намаганням у цэнтры гаспадаркі былі ўзведзены Дом быту, Дом культуры, сярэдняя школа, магазін, сталовая, а таксама 20 жылых дамоў.
За поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці калгас імя Г.С. Цітова двойчы ўдастойваўся пераходзячага Чырвонага сцяга ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСПС і ЦК УЛКСМ з занясеннем на Усесаюзную Дошку гонару.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 снежня 1976 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую працоўную доблесць у выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў Івану Ерамеевічу Анісімаву было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Іван Ерамеевіч Анісімаў кіраваў гаспадаркай да выхаду на заслужаны адпачынак у жніўні 1985 г. Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1973; 1976), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Айчыннай вайны І-й ст. (1944; 1985), Чырвонай Зоркі (1942), “Знак Пашаны” (1966), медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.