Дата рождения:
06.05.1943 Барысы, в., Брэсцкі раён
Дата смерти:
14.05.2014
Краткая справка:
работніца сельскай гаспадаркі, грамадская дзяячка, Герой Сацыялістычнай Працы (1981), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), узнагароджаная ордэнамі Леніна (1976, 1981), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), «Знак Пашаны» (1966), медалямі
Имена на других языках:
Брызга Лидия Дмитриевна (русский);
2285 символов
Справка
Лідзія Дзмітрыеўна Брызга нарадзілася ў вёсцы Барысы Дамачаўскага раёна (цяпер Брэсцкі) Брэсцкай вобласці. Рана засталася без бацькі, які ў 1945 г. загінуў на фронце. У 1959 г. скончыла няпоўную сярэднюю школу ў роднай вёсцы і стала працаваць паляводам у калгасе імя А.А. Жданава (у 2013 г. далучаны да ААТ «Брэстрайаграсэрвіс»). Праз год перайшла на малочнатаварную ферму. Спачатку дзяўчына дапамагала даяркам, потым прыступіла да самастойнай работы: даглядала кароў-першацёлак і стала прызнаным майстрам сваёй справы.
Больш за сорак гадоў Л.Д. Брызга працавала аператарам машыннага даення. Упартая праца, выкананне правіл догляду, утрымання і дойкі дазволілі ёй штогод атрымліваць па 7000-8000 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. У 1975 г. Л.Д. Брызга стала адной з першых калгасніц вобласці, якія перайшлі на абслугоўванне ўзбуйненай групы жывёл. З цягам часу з’явілася цэлая школа аператараў машыннага даення, якой кіравала Лідзія Дзмітрыеўна.
За выдатныя поспехі ў працы Л.Д. Брызга была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР, узнагароджана медалямі і дыпломамі ВДНГ СССР.
У 1981 г. згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Лідзія Дзмітрыеўна Брызга стала Героем Сацыялістычнай Працы з уручэннем ёй ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У 1985–2003 гг. Л.Д. Брызга працавала аператарам машыннага даення калгаса-камбіната «Памяць Ільіча» (з 2003 г. сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Астрамечава»). За адзін год работы ў гэтым калектыве яна дамаглася павелічэння сярэдніх надояў ад кожнай каровы на 1870 кілаграмаў, стала ініцыятарам стварэння раённага клуба даярак-чатырохтысячніц. У 1988 г. была надрукавана кніга «По зову совести» аб вопыце работы Л.Д. Брызгі.
Лідзія Дзмітрыеўна Брызга прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці: была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1974–1979), Вярхоўнага Савета БССР (1980–1985), дэлегатам XXVI (1981) і XXVII (1986) з’ездаў КПСС. Узнагароджана ордэнамі Леніна (1976, 1981), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), «Знак Пашаны» (1966), медалямі. У 2009 г. Л.Д. Брызга стала ганаровай грамадзянкай Брэсцкага раёна. У 2015 г. у аграгарадку Астрамечава на доме, дзе яна жыла, была адкрыта мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта «Герои страны».