Уладзімір Маркіянавіч Будны нарадзіўся ў сям’і Маркіяна і Ніны Будных, якія жылі ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Рана застаўся без бацькі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У кастрычніку 1975 г. прыехаў на будаўніцтва Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі (БАМ) у горад Тында Амурскай вобласці, дзе стаў працаваць вадзіцелем самазвала механізаванай калоны № 116 трэста “Бамбудмеханізацыя” (цяпер аднайменнае ААТ). Праз шэсць гадоў стаў брыгадзірам. У хуткім часе брыгада Буднага стала лепшым калектывам трэста: летам 1984 г. штомесячная выпрацоўка на кожны самазвал склала 9350 тон грунту, што на 1150 тон перавышала планавае заданне.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 кастрычніка 1984 г. за выдатныя вытворчыя поспехі, дасягнутыя пры збудаванні Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі, і праяўлены працоўны гераізм Уладзіміру Маркіянавічу Буднаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
З 1985 г. Уладзімір Будны прымаў удзел у рэканструкцыі і капітальным рамонце зямельнага палатна Амура-Якуцкай аўтамабільнай дарогі, у будаўніцтве аўтадарогі Хабараўск – Чыта. З 1992 г. жыве ў горадзе Тында, працуе слесарам па рамонце паліўнай апаратуры ў рамонтным цэху ТАА “Механізаваная калона № 94”.
Уладзімір Маркіянавіч Будны ўзнагароджаны ордэнам Леніна (1984), медалямі, у тым ліку “За працоўную адзнаку” (1981). У 2014 г. ён стаў ганаровым грамадзянінам горада Тында.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.