Дата рождения:
04.1924 Забалоцце, в., Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
2005 Забалоцце, в., Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка:
работніца сельскай гаспадаркі, Герой Сацыялістычнай Працы (1966), узнагароджана ордэнам Леніна, медалямі
Имена на других языках:
Буякова Вера Васильевна (русский);
2546 символов
Справка
Вера Васільеўна Буякова нарадзілася ў вёсцы Забалоцце Бялыніцкай воласці Магілёўскага павета (цяпер Бялыніцкі раён). Скончыла пачатковую школу і ва ўзросце чатырнаццаці гадоў працавала ў мясцовым калгасе “Ударнік”. У пачатку ліпеня 1941 г. тэрыторыя раёна была акупіравана германскімі войскамі. Вера і яе маці выратавалі параненага афіцэра Чырвонай Арміі, прымалі актыўны ўдзел у барацьбе з акупантамі: былі членамі падпольнай групы, усталявалі сувязь з партызанамі.
Пасля вызвалення раёна ўлетку 1944 г. Вера Буякова пераехала ў Дубровенскі раён, прайшла навучанне на профільных курсах і стала трактарысткай на торфапрадпрыемстве “Асінторф”. У 1950-я гг. вярнулася ў родную вёску, стала паляводам калгаса “Ударнік” і хутка ўвайшла ў лік перадавых працаўнікоў. У гэты час работнікі сельскай гаспадаркі Беларусі асвойвалі тэхналогію вырошчвання ільну-даўгунцу. У маі 1959 г. В.В. Буякова ўзначаліла звяно па вырошчванні ільну і цукровых буракоў. У кароткі тэрмін яна дасканала авалодала майстэрствам вырошчвання “паўночнага шоўку” і хутка зарэкамендавала сябе як адказны і ініцыятыўны работнік. У вольны час Вера Васільеўна займалася самаадукацыяй, пераймала перадавы вопыт лепшых льнаводаў вобласці і імкнулася яго ўкараніць. Высокая агратэхніка вырошчвання ільну, своечасовая ўборка і стараннае сартаванне дазволілі паляводам звяна В. Буяковай у 1959–1966 гг. збіраць па 6,1 цэнтнера насення і 8,7 цэнтнераў валакна з гектара.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 красавіка 1966 г. за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак ільну, Веры Васільеўне Буяковай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
З канца 1960-х гг. В.В. Буякова загадвала Забалоцкім вытворчым участкам калгаса “Наша перамога”. Яе заўсёды вылучалі ўменне працаваць з людзьмі, імкненне пераймаць вопыт лепшых земляробаў рэспублікі. Па выніках чацвёртага года дзявятай пяцігодкі (1971–1975) ураджайнасць бульбы на вытворчым участку В. Буяковай склала 300 цэнтнераў клубняў з кожнага гектара, высокай была ўраджайнасць збожжавых культур, выдатныя паказчыкі былі ў жывёлагадоўлі. Самаадданая праца перадавога калектыву атрымала высокую адзнаку і бронзавы медаль Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР).
Вера Васільеўна Буякова працавала ў родным калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак. За выдатную працу была ўзнагароджана ордэнам Леніна (1966), медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.