Уладзімір Ігнатавіч Быкоўскі нарадзіўся ў вёсцы Аўласкава Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям'і. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе, уступіў у камсамол. З 15 гадоў працаваў у калгасе.
У час Вялікай Айчыннай вайны застаўся на радзіме і актыўна ўключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў якасці аднаго з арганізатараў Дрысенскага падпольнага райкама ЛКСМБ (Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі). З 1942 г. Уладзімір Быкоўскі знаходзіўся ў радах 1-й Дрысенскай партызанскай брыгады, з кастрычніка 1943 быў памочнікам камісара 2-й Дрысенскай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Дрысенскага, Асвейскага і Расонскага раёнаў. У снежні 1943 г. фашысты акружылі партызан у раёне вёскі Роўнае Поле. У ноч на 28 снежня брыгадзе ўдалося прарваць варожую абарону ў раёне вёскі Саколішча і вывесці каля 10 тысяч мірных жыхароў на тэрыторыю, дзе размясціліся войскі Чырвонай Арміі.
У студзені 1944 г. Уладзімір Быкоўскі быў выкліканы ў Беларускі штаб партызанскага руху. Рашэннем Віцебскага абкама КПБ (Камуністычнай партыі Беларусі) быў накіраваны на аднаўленне гаспадаркі Гарадоцкага раёна, моцна пацярпелага ў час нямецкай акупацыі. Уладзімір Ігнатавіч праявіў сябе выдатным арганізатарам і здольным кіраўніком, якога вылучалі партыйная прынцыповасць, працавітасць, чулыя і ўважлівыя адносіны да людзей.
У 1949 г. У.І. Быкоўскі скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, у 1951 г. – Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). Працаваў інструктарам, загадваў сектарам аддзела партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў ЦК КПБ, узначальваў аддзел партыйных органаў Маладзечанскага абкама КПБ. З красавіка 1959 г. – першы сакратар Маладзечанскага гаркама КПБ, з 1962 г. – партыйны арганізатар, сакратар партыйнага камітэта Маладзечанскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення, у 1965–1974 гг. узначальваў Маладзечанскі райкам КПБ.
На пачатку 1950-х гадоў у сельскай гаспадарцы Беларусі склалася напружаная сітуацыя. Пасляваенная разруха, катастрафічны недахоп кваліфікаваных кадраў, нерацыянальнае выкарыстанне тэхнікі і працоўных рэсурсаў перашкаджалі хуткаму аднаўленню і далейшаму развіццю калгасаў і саўгасаў. Маладзечанскі раён быў адным з эканамічна слабых: у канцы 1950-х гг. ураджай збожжавых і зернебабовых культур не перавышаў 6–7 цэнтнераў з гектара, ураджайнасць бульбы не дасягала 80 цэнтнераў, нізкія паказчыкі былі і ў жывёлагадоўлі. Уладзімір Быкоўскі прымаў актыўны ўдзел у эканамічным і культурным ператварэнні вёскі, умела накіроўваў дзейнасць партыйнага актыву Маладзечанскай вобласці на ўздым народнай гаспадаркі. У якасці першарадных задач па паляпшэнні сельскагаспадарчай вытворчасці кіраўнік раёна вызначыў асушэнне балот, раянаванне перспектыўных гатункаў асноўных сельскагаспадарчых культур і павышэнне ўраджайнасці. На базе перадавых гаспадарак, брыгад і ферм былі арганізаваны аднагадовыя раённыя курсы, дзясяткі практыкаў былі накіраваныя ў сельскагаспадарчыя школы і тэхнікумы, кіраўнікі калгасаў і саўгасаў атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю. У хуткім часе эфектыўная і мэтанакіраваная кадравая палітыка, выкарыстанне дасягненняў навукі, павышэнне культуры земляробства, паляпшэнне сацыяльна-бытавых умоў калгаснікаў забяспечылі няўхільны рост сельгасвытворчасці ў Маладзечанскім раёне. У 1965 г. было сабрана па 15,1 цэнтнера збожжавых з гектара, па 127 цэнтнераў бульбы, па 4,2 цэнтнера льновалакна, сярэдні надой на карову склаў амаль 2100 кілаграмаў малака. У 1965–1967 гг. гаспадаркі Маладзечанскага раёна атрымлівалі з кожнага гектара 15,6 цэнтнера збожжавых і зернебабовых, 145 – бульбы, 195 – цукровых буракоў. У час восьмай пяцігодкі (1966–1970) асноўнай спецыялізацыяй Маладзечанскага раёна стала мяса-малочная жывёлагадоўля. Інтэнсіўнае развіццё свінагадоўлі дазволіла разгарнуць маштабнае вытворчае і культурна-бытавое будаўніцтва, палепшыць жыццё хлебаробаў. Па выніках пяцігодкі Маладзечанскі раён стаў лепшым у Беларусі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, Уладзіміру Ігнатавічу Быкоўскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
У 1971–1975 гг. Маладзечанскі райкам КПБ пад кіраўніцтвам У.І. Быкоўскага працягваў весці напружаную работу сярод працаўнікоў раёна, умела кіраваў вырашэннем складаных задач развіцця народнай гаспадаркі. У лістападзе 1974 г. Уладзімір Ігнатавіч быў пераведзены ў Мінск. Быў загадчыкам аддзела Дзяржплана Беларускай ССР, сакратаром Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак працягваў актыўна займацца грамадскай дзейнасцю ў якасці сакратара рэспубліканскага Савета ветэранаў вайны і працы.
Уладзімір Ігнатавіч Быкоўскі выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1970–1974), Вярхоўнага Савета БССР (1963–1967), Мінскага абласнога і Маладзечанскага раённага Саветаў дэпутатаў працоўных, быў дэлегатам XXIV, XXV, XXVI і XXVII з'ездаў КПБ. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1966, 1971), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1985), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), Чырвонай Зоркі (1944), “Знак Пашаны” (1958), медалём “Партызану Айчыннай вайны” І-й ступені (1945), Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1972, 1982).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.