Ніна Іванаўна Дзенісенка нарадзілася ў Магілёве. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі працавала рознарабочай Магілёўскага будаўнічага трэста № 12. У 1961 г. скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці і працавала на Магілёўскай стужкаткацкай фабрыцы імя 50-годдзя БССР (з 1993 г. ААТ «Стужка»). Маладая працаўніца ахвотна авалодвала прафесіяй ткачыхі, актыўна пераймала вопыт старэйшых таварышаў і неўзабаве выйшла ў лік перадавікоў вытворчасці. Ніна Дзенісенка была наватарам і рацыяналізатарам вытворчасці, надавала вялікую ўвагу росту прадукцыйнасці працы, датэрмінова выконвала пяцігадовыя планавыя заданні.
Указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 красавiка 1975 г. і ад 17 сакавіка 1981 г. Ніна Іванаўна Дзенісенка была ўзнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы ІІІ-й і ІІ-й ступеняў.
Ніна Іванаўна ўвесь час працягвала ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства і выканала за пяцігодку тры пяцігадовых планы. Так жа паспяхова працавалі і члены яе брыгады. Брыгадзір актыўна выкарыстоўвала асабістыя наватарскія ідэі, ахвотна дзялілася ўласным вопытам з прадстаўнікамі рабочай моладзі, прывівала любоў да прафесіі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 мая 1986 г. за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў адзінаццатай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў, Ніна Іванаўна Дзенісенка была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы І-й ступені і стала поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.
У 1980–1985 гг. Н.А. Дзенісенка з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, уваходзіла ў склад Камісіі па ахове здароўя і сацыяльным забеспячэнні.
Ніна Іванаўна працавала на прадпрыемстве да выхаду на заслужаны адпачынак. Узнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы І-й (23.05.1986), ІІ-й (17.03.1981) і ІІІ-й (21.04.1975) ступеняў, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».