Леанід Пятровіч Драбышэўскі нарадзіўся ў вёсцы Чарнагразь Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1931 г. сям’я Драбышэўскіх была далічана да кулакоў і выслана ў Пермскую вобласць Расіі.
У 1939 г. Леанід Драбышэўскі скончыў педагагічныя курсы і стаў працаваць настаўнікам пачатковых класаў школы Дабранскагага раёна Пермскай вобласці. У 1939–1941 гг. вучыўся на завочным аддзяленні Пермскага педагагічнага вучылішча.
У 1942 г. стаў чырвонаармейцам. У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся камсоргам артылерыйскага дывізіёна стралковага палка, быў студэнтам завочнага аддзялення Тамбоўскага педагагічнага інстытута. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. працягваў вучобу ў педінстытуце, які паспяхова скончыў у 1948 г. У тым жа годзе быў прызначаны дырэктарам сярэдняй школы сяла Усць-Кішэрць Кішэрцкага раёна Пермскай вобласці.
Леанід Пятровіч Драбышэўскі ўзначаліў школу, якая месцілася ў трох невялікіх аднапавярховых пабудовах. Дзякуючы яго намаганням і дапамозе мясцовых улад праз некалькі гадоў у сяле з’явіўся сучасны двухпавярховы будынак школы. У новай школе выкарыстоўвалася кабінетная сістэма навучання, акрамя вучэбных дзейнічалі кабінеты механізацыі, жывёлагадоўлі, раслінаводства, дамаводства. Педагогі і вучні школы мелі ўчастак зямлі ў мясцовым саўгасе, працавалі ў адным з цэхаў птушкафабрыкі. Юнакі атрымлівалі вадзіцельскія правы шафёраў і трактарыстаў, дзяўчаты вучыліся шыць, гатаваць ежу, даглядаць свойскую жывёлу. Педагогі вывучалі вопыт лепшых школ краіны, наведвалі абласны інстытут павышэння кваліфікацыі. Праз пэўны час школа сяла Усць-Кішэрць стала лепшай у Пермскай вобласці, яе вопыт стаў распаўсюджвацца па ўсёй Расіі.
У 1963 г. дырэктар школы Леанід Пятровіч Драбышэўскі стаў выдатнікам народнай асветы, праз год яму было прысвоена званне “Заслужаны настаўнік школы РСФСР”. Шэраг педагогаў Усць-Кішэрцкай школы былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, знакам “Выдатнік асветы”.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1978 г. за вялікія заслугі ў справе навучання і выхавання Леаніду Пятровічу Драбышэўскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Леанід Пятровіч кіраваў школай да выхаду на заслужаны адпачынак у студзені 1984 г. Па прапанове кіраўніцтва школы працягваў працаваць настаўнікам амаль да свайго васьмідзесяцігоддзя.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (27.06.1978), Кастрычніцкай рэвалюцыі (20.01.1971), медалямі.
У 2004 г. Леанід Пятровіч Драбышэўскі ўвайшоў у лік ганаровых грамадзян Кішэрцкага раёна. Сярэдняя агульнаадукацыйная школа сяла Усць-Кішэрць носіць імя Л.П. Драбышэўскага.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.