Дата рождения:
12.08.1928 Старыя Дарогі, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (палявод, даярка), Герой Сацыялістычнай Працы (1976), узнагароджаная двума ордэнамі Леніна (1973, 1976), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), медалямі
Имена на других языках:
Валицкая Элеонора Ивановна (русский);
4302 символа
Справка
Элеанора Іванаўна Валіцкая нарадзілася ў мястэчку Старыя Дарогі Бабруйскай акругі (цяпер горад, цэнтр раёна Мінскай вобласці). Рана засталася без бацькоў. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася на прымусовых працах ва Усходняй Прусіі, у 1945 г. вярнулася на радзіму. Ёй прыйшлося перанесці нямала цяжкасцяў, аднак яна супрацьпастаўляла гэтаму стойкасць і мужнасць, працавітасць і мэтанакіраванасць.
У 1947 г. Э. Валіцкая стала працаваць паляводам сельскагаспадарчай арцелі (калгаса) “Чырвоная Горка” ў вёсцы Паськава Горка Старадарожскага раёна. Праз пэўны час старанная і ініцыятыўная дзяўчына стала кіраваць паляводчым звяном. У 1950 г. Э. Валіцкая перайшла ў калгас “Парыжская камуна”, з 1959 г. працавала ў калгасе імя Дзяржынскага (з 1963 г. – “Сцяг камунізма”; цяпер – ААТ “Асвіца”) таго ж раёна. У той час калгасам кіраваў П.Я. Леганькоў. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка пераўтварылася ў буйное шматгаліновае сельскагаспадарчае прадпрыемства і доўгія гады заставалася адным з лепшых у раёне і вобласці. Перыяд сёмай пяцігодкі (1959–1965) быў адзначаны карэнным рэфармаваннем вытворчасці: уступіў у строй сучасны жывёлагадоўчы комплекс, што запатрабавала павелічэння колькасці жывёлаводаў. Элеанора Валіцкая атрымала накіраванне на малочна-таварную ферму. Як і ўсе сельскія працаўніцы, яна мела ў сваёй гаспадарцы карову, таму ахвотна прыняла прапанову кіраўніцтва. Маладая даярка настойліва вучылася правільна раздойваць маладых кароў, складаць рацыёны кармлення жывёл, пераймала перадавыя прыёмы працы і хутка асвоілася з цяжкімі ўмовамі працы на ферме, дзе толькі разгортвалася механізацыя.
Упартая праца і акуратнае выкананне правіл догляду, утрымання і дойкі дазволілі Э. Валіцкай дамагчыся стабільнай удойнасці, поўнага захавання прыплоду. Пасля вывучэння вопыту перадавых жывёлаводаў яна стала ініцыятарам стварэння высокапрадуктыўнага элітнага статка. Карэннае рэфармаванне працы, удасканаленне тэхналогіі вытворчасці дазволілі палегчыць цяжкую працу даярак і значна павысіць удойнасць. У 1966–1970 гг. Э. Валіцкая паспяхова выконвала планавыя заданні, за што была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У наступнай, дзявятай пяцігодцы (1971–1975) яна перавыканала не толькі планавыя заданні, але і асабістыя абавязацельствы. За вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць Э. Валіцкая была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Правільнае раздойванне кароў, захаванне ўсіх санітарных нормаў утрымання жывёл, вывераныя тэрміны ацёлаў дапамаглі Э. Валіцкай атрымаць па 3982 кілаграмы малака ад кожнай каровы і стаць лепшай даяркай Старадарожскага раёна.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 снежня 1976 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую працоўную доблесць у выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў Элеаноры Іванаўне Валіцкай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
У 1977 г. Э. Валіцкая прыняла новую групу жывёл, складзеную з маладых кароў-першацёлак. Дзякуючы яе намаганням кожная карова стала даваць па 3500 кілаграмаў малака. Элеанора Валіцкая стала адной з першых калгасніц, якія падтрымалі прапанову латвійскай даяркі Лейды Пейпс: перайшла на абслугоўванне ўзбуйненай групы кароў і ўключылася ў рух даярак-чатырохтысячніц. Поўная механізацыя і падзел тэхналагічных працэсаў паміж жывёлаводамі дазволілі давесці колькасць жывёл у групе Э. Валіцкай да 50 галоў. Яшчэ адным працоўным пачынам Элеаноры Іванаўны стаў заклік выйсці на 1000-цэнтнеравыя валавыя надоі, што стала магчымым ва ўмовах паглыбленай механізацыі вытворчасці. У 1978 г. агульнымі намаганнямі даяркі старадарожскага раёна разам з Э.І. Валіцкай перасягнулі 1000-цэнтнеравую мяжу па валавым надоям пры яго высокай якасці.
Элеанора Іванаўна Валіцкая прысвяціла жывёлагадоўлі трыццаць гадоў і толькі ў 1993 г. выйшла на заслужаны адпачынак. Яна ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна (1973, 1976), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), медалямі. Імя Э.І. Валіцкай занесена ў раённую Кнігу народнай славы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.