Марыя Раманаўна Іваноўская нарадзілася ў вёсцы Курманава Шамоўскай воласці Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці).
У 17 гадоў трапіла на Мінскую кандытарскую фабрыку «Камунарка». У кароткі тэрмін асвоіла прафесію загортчыцы цукерак. Адначасова працавала на будаўніцтве новага корпуса фабрыкі ў мінскім прадмесці Ляхаўка (цяпер Заводскі раён Мінска). Новая фабрыка была пушчана ў строй 1 мая 1931 г. З прычыны недахопу цукру першы час прадпрыемства працавала сезонна, таму з мая да канца восені работнікі фабрыкі знаходзіліся ў пошуках новага заробку. «Камунарка» сама забяспечвала сябе палівам: у летні сезон кандытары нарыхтоўвалі торф для вытворчасці. Камсамолка Марыя Іваноўская не прапусціла ніводнай «тарфяной пары».
З цягам часу М.Р. Іваноўская дасканала асвоіла ўсе аперацыі ў сваім цэху і стала майстрам сваёй справы. Не маючы спецыяльнай тэхнічнай адукацыі, умела абыходзіцца з любымі механізмамі: за некалькі дзён змагла запусціць дзве замежныя загортачныя машыны, якія доўгі час не маглі ўвесці ў строй слесары-наладчыкі.
У 1935 г. Марыя Раманаўна як лепшы малады кандытар была ўдастоена ганаровага права ўдзельнічаць у з’ездзе маладых работнікаў. Тут яна пазнаёмілася з Надзеяй Канстанцінаўнай Крупскай, словы якой «славы не шукаюць, славу ствараюць» запалі маладой працаўніцы глыбока ў душу і сталі вызначальнымі ў яе працоўных здзяйсненнях.
Нягледзячы на недасканаласць тэхнікі і тэхналогій, Марыя Іваноўская ўдарна працавала і не раз выходзіла пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. У 25 гадоў была прызначана зменным майстрам загортачнага цэха. У 1939 г. стала самым маладым дэпутатам Сталінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, а ў 1940 г. была выбрана дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.
У першыя дні вайны фабрыка «Камунарка» працавала па звычайным графіку. Марыя Раманаўна не паспела эвакуіравацца ў савецкі тыл і вярнулася ў Мінск. Ужо праз месяц яна ўсталявала сувязь з камуністычным падполлем горада і актыўна ўключылася ў барацьбу. У жніўні 1941 г. па заданні аднаго з арганізатараў Мінскага падполля Н.Я. Герасіменкі ўладкавалася на дрожджава-патачны завод «Чырвоная зара» і за кароткі тэрмін здолела стварыць там падпольную арганізацыю. Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з групай патрыётаў хлебазавода «Аўтамат» і партызанамі Мінскай вобласці, вялі прапагандысцкую работу, распаўсюджвалі сярод завадчан зводкі Саўінфармбюро і газету «Звязда», збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, арганізоўвалі дыверсіі. Дзякуючы намаганням падпольшчыкаў «Чырвоная зара» ні аднаго разу не змагла выканаць аб’ём паставак, даведзены акупацыйнымі ўладамі.
Пасля разгрому Мінскага падполля ў верасні 1942 г. падпольная арганізацыя на чале з Марыяй Іваноўскай працавала пад кіраўніцтвам Заслаўскага, Рудзенскага і Смалявіцкага падпольных райкамаў, а затым Слуцкага падпольнага межрайкама КП(б)Б. Падпольшчыкі зрывалі выпуск харчовай прадукцыі, вялі агітацыйна-тлумачальную работу сярод гараджан, падтрымлівалі актыўную сувязь з партызанамі брыгады «Штурмавая».
Ва ўмовах узмацнення жорсткасці акупацыйнага рэжыму ў Мінску і чарговай хвалі рэпрэсій Марыя Іваноўская пакінула сталіцу і ў красавіку 1944 г. стала партызанскай сувязной атрада імя М.В. Фрунзэ брыгады «Штурмавая». За доблесць і мужнасць у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў М.Р. Іваноўская была ўзнагароджана медалямі «Партызану Айчыннай вайны» І ступені і «За адвагу».
З ліпеня 1944 г. былая падпольшчыца працавала на аднаўленні «Камунаркі»: сабрала групу даваенных работніц фабрыкі і арганізавала расчыстку фабрычнай тэрыторыі. Дзякуючы іх намаганням у ацалелых памяшканнях фабрыкі ў лістападзе 1944 г. была выраблена першая пасляваенная прадукцыя: шарбет і памадка «Кіеўская».
Вытворчасць паступова наладжвалася і Марыя Іваноўская ўносіла свой уклад у поспехі ўсяго калектыву: днём працавала ў цэху, па вечарах і выхадных днях выходзіла на будаўнічыя работы. У 1949 г. за поспехі ў адраджэнні «Камунаркі» Марыя Раманаўна Іваноўская была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Марыя Іваноўская ўвесь час з’яўлялася адной з лепшых работнікаў вытворчасці. Яе цэх нязменна выходзіў пераможцам заводскага сацыялістычнага спаборніцтва, перавыконваў планавыя заданні пяцігодак пры высокай якасці кандытарскай прадукцыі. На год раней за тэрмін справіліся кандытары цэха і з заданнем сямігодкі (1959–1965).
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 ліпеня 1966 г. за асаблівыя заслугі ў выкананні заданняў сямігадовага плана і дасягненне высокіх тэхніка-эканамічных паказчыкаў па вытворчасці харчовых прадуктаў Марыі Раманаўне Іваноўскай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
На кандытарскай фабрыцы «Камунарка» Марыя Раманаўна працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: выбіралася дэпутатам Сталінскага раённага і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджана ордэнамі Леніна (1966), Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалямі «За адвагу» (1965), «Партызану Айчыннай вайны» І ступені (1946) і інш.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».