Уладзімір Міхайлавіч Верхаводзька нарадзіўся ў вёсцы Уборак Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
З 1938 г. служыў у Чырвонай Арміі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны працаваў памочнікам машыніста ў лакаматыўным дэпо станцыі Орша Аршанскага аддзялення Беларускай чыгункі.
У 1942 г. быў накіраваны Беларускім штабам партызанскага руху ў тыл ворага, быў цяжка паранены. У 1943 г. у складзе групы У.Я. Сарнова прыбыў у Бягомльскі раён Мінскай вобласці, быў камісарам і камандзірам партызанскага атрада «Дзядзькі Косці» 1-й партызанскай брыгады імя К.С. Заслонава. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі шэрага раёнаў Віцебскай і Мінскай абласцей: прымала ўдзел у «рэйкавай вайне», вяла цяжкія баі ў Сенненскім раёне, удзельнічала ў Лепельскай аперацыі партызанскіх злучэнняў Віцебшчыны. Сумесна са Смаленскім партызанскім палком і Чашніцкай партызанскай брыгадай Дубава партызаны ўдзельнічалі ў баях за Чашнікі, абаранялі аэрадром каля вёскі Н. Беліца Сенненскага раёна, прарывалі варожую блакаду. У чэрвені 1944 г. брыгада імя Заслонава злучылася з Чырвонай Арміяй і прымала ўдзел у вызваленні шэрага населенных пунктаў.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Верхаводзька скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, працаваў інструктарам на Заходняй чыгунцы, быў майстрам вагоннага дэпо Масква – Смаленская Маскоўскай чыгункі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 жнiўня 1959 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця чыгуначнага транспарту, Уладзіміру Міхайлавічу Верхаводзьку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Уладзімір Верхаводзька ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1959), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), Чырвонага Сцяга (1948), Айчыннай вайны І-й ступені (1985), Славы ІІІ-й ступені (1951), медалямі.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.