Кірыла Рыгоравіч Вількот нарадзіўся ў вёсцы Клыні Куранецкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У 1921–1939 гг. гэта тэрыторыя ўваходзіла ў склад Куранецкай гміны Віленскага павета Навагрудскага і Віленскага ваяводстваў, цяпер належыць Вілейскаму раёну Мінскай вобласці.
З дзяцінства Кірыла працаваў парабкам у пана і быў непісьменным. Увосень 1930 г. перайшоў на тэрыторыю Савецкай Беларусі, дзе ў той час жылі і працавалі двое яго старэйшых братоў. У БССР Кірыла Вількот скончыў курсы па ліквідацыі непісьменнасці і Гомельскія курсы трактарыстаў, працаваў у адным з саўгасаў Мінскай вобласці. У 1937 г. разам з братамі быў рэпрэсаваны, адбываў пакаранне на залатых капальнях Магаданскай вобласці (рэабілітаваны ў 1956 г.).
У 1942 г. Кірыла Вількот скончыў курсы экскаватаршчыкаў, працаваў машыністам кар’ернага экскаватара. У 1950 г. узначаліў брыгаду экскаватаршчыкаў, якая ў 1956 г. выпрацавала больш за 200 тыс. кубаметраў грунту. Кірыла Рыгоравіч пастаянна ўдасканальваў метады работы, перадаваў свой вопыт іншым машыністам. Свае напрацоўкі надрукаваў у брашуры “Мой опыт работы на экскаваторе” (Магадан, 1956).
У чэрвені 1961 г. Кірыла Рыгоравіч Вількот стаў Героем Сацыялістычнай Працы. У 1963 г. пераехаў у Пермскую вобласць, працаваў брыгадзірам экскаватаршчыкаў СМУ-1 трэста “Спецбуд”. Быў узнагароджаны ордэнам Леніна (1961), медалём “За працоўную доблесць” (1960), выбіраўся дэлегатам XXII з'езда КПСС, дэлегатам XIII з'езда прафсаюзаў СССР.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак вярнуўся ў Беларусь, жыў у Рэчыцы.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.