Ганна Арцёмаўна Галубкова нарадзілася ў Віцебску, атрымала няпоўную сярэднюю адукацыю, закончыла школу фабрычна-заводскага вучнёўства (ФЗВ), працавала закройшчыцай абутку на фабрыцы імя Лекерта (з 1938 г. – «Чырвоны Кастрычнік»). У кароткі тэрмін яна спасцігла сакрэты майстэрства і пачала перавыконваць штодзённыя нормы, зарэкамендавала сябе адказнай, ініцыятыўнай работніцай. Неўзабаве сярод перадавых абутнікоў-стаханаўцаў стала гучаць імя Ганны Галубковай.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Віцебск часта падвяргаўся масіраваным бамбардзіроўкам. Пад агнём ворага, хаваючыся па лясах і ярах, Ганна з сынам прабраліся да сваякоў у Шумілінскі раён. З цягам часу жанчына стала дапамагаць партызанам: збірала зброю і боепрыпасы, мыла бялізну, пякла хлеб.
Пасля вызвалення Віцебска Ганна Галубкова вярнулася ў родны горад, стала працаваць на аднаўленні фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік». Горад, які да вайны меў буйнейшы ў рэспубліцы гарбарны завод і абутковую фабрыку, меў патрэбу у кожнай пары чаравікоў. Фабрыка ляжала ў руінах, не хапала кваліфікаваных рабочых. Ганна Галубкова была адной з тых, хто працаваў на прадпрыемстве да вайны і мог навучыць маладых работнікаў. Кіраўніцтва замацавала за Г.А. Галубковай 16 чалавек. Пасля завяршэння змены рабочыя фабрыкі ішлі на разбор руін і ачыстку вуліц, дапамагалі будаваць сцены новых вытворчых карпусоў, нарыхтоўвалі будаўнічыя матэрыялы. Паступова калектыў абутнікоў разрастаўся, і ў 1946 г. Ганну Галубкову выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі «Чырвонага Кастрычніка» і даручылі ёй узначаліць камсамольска-маладзёжную брыгаду. З вялікай стараннасцю вопытная супрацоўніца вучыла маладых рабочых майстэрству рацыянальнага раскрою скураных матэрыялаў, прапанавала ўвесці асабістыя рахункі беражлівасці. Паход беражлівых узначаліла брыгада Галубковай, чый перадавы вопыт быў абагулены ў брашуры «За экономию кожевенного сырья» (Мінск, 1951). З мэтай распаўсюджвання працоўнага вопыту Г.А. Галубкова наведвала прадпрыемствы ў розных гарадах краіны, выязджала за мяжу.
Ганна Галубкова праявіла сябе ўмелым і энергічным арганізатарам, здолела стварыць згуртаваны калектыў аднадумцаў, якому было прысвоена званне калектыву камуністычнай працы. З цягам часу Г.А. Галубкова асвоіла новыя сучасныя станкі, дамагалася зладжанай безаварыйнай работы тэхнікі, прадуманай арганізацыі працоўных месцаў. За дасягненне высокіх паказчыкаў у працы і плённую грамадскую работу была ўзнагароджана ордэнам Леніна (1960), за паспяховае выкананне сямігадовага плана па вытворчасці абутку – ордэнам «Знак Пашаны» (1966).
Ганна Арцёмаўна штогод знаходзіла новыя рэзервы эканоміі скураных тавараў. У 1966 г. яе брыгада разгарнула спаборніцтва за комплексную эканомію сыравіны і матэрыялаў і дамаглася рэкордных вынікаў: у 1966–1973 гг. рабочыя на чале з Галубковай збераглі 235 тыс. квадратных дэцыметраў хрому, з якога было пашыта 15 600 пар абутку. За 30 пасляваенных гадоў Ганна Арцёмаўна зэканоміла звыш мільёна квадратных дэцыметраў скураных тавараў. З іх фабрыка выпусціла дадаткова 50 тысяч пар абутку.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 красавіка 1971 г. за выдатныя поспехі ў датэрміновым выкананні заданняў пяцігадовага плана і вялікі творчы ўклад у развіццё вытворчасці тканін, трыкатажу, абутку, швейных вырабаў і іншай прадукцыі лёгкай прамысловасці Ганне Арцёмаўне Галубковай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Метад эканомнага раскрою скуры Ганны Галубковай засвоілі больш за пяць дзясяткаў закройшчыкаў фабрыкі і каля ста пяцідзесяці калег з іншых прадпрыемстваў. Многія яе вучні сталі наватарамі вытворчасці і настаўнікамі моладзі.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак у 1974 г. Ганна Арцёмаўна не страціла сувязь з родным калектывам, актыўна займалася грамадскай работай, стала ініцыятарам стварэння савета настаўнікаў, кожны член якога рыхтаваў за год трох маладых рабочых. Дасведчаныя майстры самі станавіліся да станка, выпускалі прадукцыю. Дзякуючы іх намаганням у 1976–1980 гг. калектыў фабрыкі значна перавыканаў павышаныя сацыялістычныя абавязацельствы дзясятай пяцігодкі.
У 1977 г. Ганна Арцёмаўна вярнулася на роднае прадпрыемства, паспяхова асвоіла новыя станкі і ўвайшла ў шэраг перадавікоў. Да 1981 г. яна працавала на пасадзе інструктара вытворчага навучання і падрыхтавала за гэты час 25 маладых рабочых.
Узнагароджана двума ордэнамі Леніна (1960, 1971), ордэнам «Знак Пашаны» (1966), медалямі, у тым ліку «За працоўную адзнаку» (1948). У 1977 г. стала ганаровай грамадзянкай Віцебска.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.