Вольга Сямёнаўна Галубцова нарадзілася ў вёсцы Свіслачаны Галынскай воласці Гродзенскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Польшча) у сям’і малазямельных сялян. З малых гадоў была падзёншчыцай у багатых паноў. У 12 гадоў трапіла на заробкі ў Петраград (цяпер Санкт-Пецярбург), працавала падсобнай рабочай на цэментавым заводзе, на Балтыйскай лініі Паўночна-Заходніх чыгунак. У пачатку 1920-х гг. пасялілася ў вёсцы Райцы Талачынскага раёна і стала працаваць даяркай у мясцовым калгасе «Райцы» (цяпер КСУП «Племянны завод «Рэканструктар»).
Цяжкая праца на малочнатаварнай ферме прыцягвала ў тыя гады нямногіх. Пераадольваючы цяжкасці, Вольга Галубцова паслядоўна ўдасканальвала сваё майстэрства, настойліва вучылася перадавым прыёмам. Упартая праца і акуратнае выкананне правіл догляду, утрымання і дойкі кароў дазволілі ёй дамагацца высокіх надояў малака, поўнага захавання прыплоду. З цягам часу В.С. Галубцова вырасла ў сапраўднага майстра жывёлагадоўлі.
У часы Вялікай Айчыннай вайны працавала ва ўласнай гаспадарцы. Пасля вызвалення раёна прымала актыўны ўдзел у аднаўленні калгаснай гаспадаркі, потым зноў стала даяркай. Вользе Галубцовай быў давераны догляд групы племянных кароў. Яна прыклала нямала намаганняў, каб правільна выгадаваць жывёл: асаблівую ўвагу надавала сістэме кармлення і ўтрымання жывёл у зімовы перыяд, складанню дакладных рацыёнаў кармлення і графікаў раздачы кармоў. Удумлівы падыход да працы дазволіў Вользе Сямёнаўне дамагчыся добрай прадуктыўнасці: кожная дойная карова стала даваць па 16-17 кілаграмаў малака ў суткі.
У 1949 г. за высокія паказчыкі ў развіцці жывёлагадоўлі і высокія надоі малака В.С. Галубцова была ўзнагароджана медалём «За працоўную доблесць». Праз год перадавая даярка дамаглася прыросту па 1250 кілаграмаў малака на кожную карову, за што была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Вольга Галубцова была пастаяннай удзельніцай Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР), узнагароджвалася Вялікім і Малым сярэбранымі медалямі і дыпломамі. За 40 гадоў працы на малочнатаварнай ферме В.С. Галубцова надаіла каля двух мільёнаў кілаграмаў малака. У 1957 г. яна здала дзяржаве 555 цэнтнераў малака, сярэдні надой ад кожнай каровы склаў 4334 кілаграмы малака.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 студзеня 1958 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця сельскай гаспадаркі па вытворчасці збожжа, бульбы, ільну, мяса, малака і іншых прадуктаў сельскай гаспадаркі, і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту Вользе Сямёнаўне Галубцовай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Вольга Галубцова карысталася вялікім аўтарытэтам у калектыве работнікаў саўгаса. Пацвярджаючы высокае званне Героя, яна працягвала ударна працаваць: у 1958 г. надаіла ад кожнай каровы па 4278 кілаграмаў малака. У наступным годзе вопытная даярка паставіла перад сабой задачу атрымаць ад кожнай каровы па 5000 кілаграмаў малака і актыўна ўключылася ў сацыялістычнае спаборніцтва. У 1959 г. старэйшая даярка саўгаса «Рэканструктар» надаіла па 5010 кілаграмаў малака ад кожнай з замацаваных за ёй кароў.
Сціплая і працавітая, Вольга Сямёнаўна ніколі не лічыла сваё жыццё подзвігам. Яна лічыла, што кожны чалавек абавязаны аддаваць працы ўсе сілы і веды, увесь свой вопыт. Верная гэтаму прынцыпу, у студзені 1960 г. В.С. Галубцова звярнулася з адкрытым лістом да ўсіх даярак раёна з заклікам даць Радзіме як мага больш малака, актыўна дзяліцца вопытам сваёй работы.
У 1961 г. выйшла на заслужаны адпачынак. Узнагароджана ордэнамі Леніна (1958), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1950), медалём «За працоўную доблесць» (1949), медалямі ВДНГ СССР.
Вольга Сямёнаўна Галубцова выгадавала сына Івана, які стаў перадавым трактарыстам і камбайнёрам саўгаса «Рэканструктар», быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».