Дата рождения:
06.12.1938 Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерти:
29.05.2011
Краткая справка:
работнік прамысловасці (аператар нафтаперапрацоўчага прадпрыемства), Герой Сацыялістычнай Працы (1981), знагароджаны двума ордэнамі Леніна (1974, 1981), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), медалямі, ганаровы грамадзянін Наваполацка
Имена на других языках:
Козлов Аркадий Степанович (русский);
3825 символов
Справка
Аркадзь Сцяпанавіч Казлоў нарадзіўся ў Полацку ў сям’і рабочага-абутніка. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і сястрой быў вывезены акупацыйнымі ўладамі ў Літву. Летам 1944 г. сям’я Казловых вярнулася ў Полацк. У пасляваенны час Аркадзь скончыў гарадскую сярэднюю школу № 4, у 1957–1960 гг. служыў у войску. Пасля звальнення ў запас вярнуўся ў родны горад і быў накіраваны гарадскім камітэтам камсамола на будаўніцтва Полацкага нафтаперапрацоўчага завода (Полацкі НПЗ). Паўгода адпрацаваў бетоншчыкам і быў накіраваны на вучобу ў тэхнічнае вучылішча (цяпер Наваполацкі дзяржаўны прафесійны ліцэй нафтахіміі), дзе атрымаў спецыяльнасць памочніка аператара тэхналагічных установак нафтаперапрацоўчай вытворчасці і прыступіў да працы на Полацкім НПЗ. Прайшоў шлях ад памочніка аператара другога разраду да старэйшага аператара шостага разраду, дасканала авалодаў працаёмкай прафесіяй.
З 1964 г. Аркадзь Казлоў працаваў аператарам тэхналагічных установак, прымаў удзел у пуску і асваенні ўстановак першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-1 і АВТ-2*, скончыў вячэрняе аддзяленне Наваполацкага нафтавага тэхнікума (цяпер Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж) і быў прызначаны старэйшым аператарам устаноўкі АВТ-6. На гэтай пасадзе працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак. Доўгія гады А.С. Казлоў паспяхова кіраваў брыгадай, якая абслугоўвала комплекс машын і механізмаў, тэхнічных і хімічных прылад, кантрольна-вымяральных прыбораў. Словам і справай брыгадзір падтрымліваў дысцыпліну ў калектыве, які сістэматычна выходзіў пераможцам у заводскім сацыялістычным спаборніцтве. Высокая прадукцыйнасць працы дасягалася правільнай арганізацыяй вытворчага працэсу, умелым падборам і расстаноўкай кадраў, выкананнем вытворчых нормаў і тэхнікі бяспекі.
За вялікія поспехі ў выкананні заданняў восьмага пяцігадовага плана развіцця хімічнай, нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці ў 1971 г. Аркадзь Сцяпанавіч Казлоў быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1973 г. атрымаў ордэн Леніна.
Найбольшых поспехаў брыгада Казлова дамаглася пры выкананні заданняў дзясятага пяцігадовага плана (1976–1980). У 1980 г. на аднаго работніка ўстаноўкі АВТ-6 было выпрацавана прадукцыі на 5770 тыс. руб., у 1981 г. – на 5806 тыс. руб., у 1982 г. – на 5909 тыс. руб. Брыгада А.С. Казлова была школай перадавога вопыту. Праз яе прайшлі многія аператары завода, якія ў далейшым сталі работнікамі высокай кваліфікацыі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 красавіка 1981 г. за выдатныя вытворчыя поспехі ў выкананні заданняў дзясятай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў, праяўленую працоўную доблесць Аркадзю Сцяпанавічу Казлову было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У 1982 г. Аркадзь Казлоў быў камандзіраваны ў Індыю, дзе дапамагаў асвойваць магутную тэхналагічную ўстаноўку на нафтаперапрацоўчым заводзе Індыйскай нафтавай карпарацыі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак працаваў на родным прадпрыемстве, дзе яму давяралі самыя адказныя аперацыі пры рэканструкцыі ўстаноўкі АВТ-6.
Аркадзь Сцяпанавіч Казлоў прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1966–1970), быў членам Віцебскага абкама і Полацкага гаркама Кампартыі Беларусі. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1974, 1981), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), медалямі, адзначаны падзякамі і ганаровымі граматамі. У 2008 г. Аркадзь Сцяпанавіч Казлоў стаў ганаровым грамадзянінам Наваполацка. Імя Героя Сацыялістычнай Працы А.С. Казлова занесена ў Кнігу Пашаны Міністэства нафтахімічнай прамысловасці СССР. У чэрвені 2012 г. у галерэі Працоўнай Славы Наваполацка яго імя было ўвекавечана на мемарыяльнай дошцы.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».