Краткая справка:
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Сабор у гонар Уваскрасення Хрыстовага
Названия на других языках:
Борисовский Воскресенский собор (русский); Борисовский Свято-Воскресенский собор (русский); Кафедральный собор Воскресения Христова г. Борисова (русский);
3244 символа
Справка
Сучаснае аблічча Барысава гарманічна спалучае ў сабе строгасць і манументальнасць шматпавярховых будынкаў з непаўторным каларытам старога горада. Утульныя цагляныя асабнякі і драўляныя дамы складаюць разнастайную гісторыка-культурную спадчыну горада. У архітэктуры Барысава перапляліся рысы класіцызму, ампіру, руска-візантыйскага стылю, канструктывізму і гарадскога ўрбанізму мінулай эпохі. Праваслаўны сабор разам з касцёлам і гандлёвымі радамі пачатку XX ст. ствараюць традыцыйны каларыт старога беларускага горада і з’яўляюцца гістарычным цэнтрам, своеасаблівай візітнай карткай Барысава.
У гістарычным цэнтры старой часткі горада, на плошчы ўзвышаецца велічны помнік архітэктуры XIX ст. – сабор у гонар Уваскрасення Хрыстовага. На яго месцы была драўляная Васкрасенская царква 1620 (1640), якая згарэла ў 1865 г. Існуючы манументальны храм з чырвонай цэглы пабудаваны ў 1871–1874 гг. паводле праекта П. Мяркулава. Сабор з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю са стылізацыяй форм маскоўскага царкоўнага дойлідства XVII ст. Крыжовы ў плане дзевяцікупальны трохапсідны храм мае вышыню 12 м. Цэнтральны кубападобны двух’ярусны аб’ём завершаны чатырохсхільным дахам з цыліндрычным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам. Па вуглах даху – цыліндрычныя барабаны з купаламі. У аснове мастацкага рашэння фасадаў ляжыць кантраст чырвоных сцен з цэглы з белымі элементамі дэкору – какошнікамі, ліштвамі арачных аконных і дзвярных праёмаў з трохвугольнымі і паўкруглымі франтонамі, вуглавымі руставанымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, філёнгамі, якія вылучаюцца на чырвоным фоне муроўкі. Галоўны арачны ўваход падкрэслены вялікім парталам у выглядзе прафіляванай аркі на чатырох бочкападобных слупах. У інтэр’ер над сяродкрыжжам адкрыты сферычны светлавы барабан, які падтрымліваюць праз скляпенні-ветразі чатыры магутныя слупы, што раздзяляюць прастору на тры нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Зала асветлена двума ярусамі аконных праёмаў. Сцены крапаваны лапаткамі і прафілёўкамі. Крыжовыя скляпенні на падпружных арках пакрыты арнаментальнай размалёўкай, у консе апсіды – выява Бога Саваофа. У апсідзе галоўны прастол у імя Уваскрасення Хрыстовага. З правага боку прастол у гонар святога князя Аляксандра Неўскага, з левага – у гонар святога князя Уладзіміра. Тры дубовыя непафарбаваныя іканастасы – галоўны чатырох’ярусны (24 абразы) і два прыдзельныя аднаярусныя (па 10 абразоў) – аздоблены пазалочанымі калонамі, карнізамі, разьбой, рамамі. У залу арачным праёмам адкрываюцца хоры, на якія вядзе лесвіца прытвора. У 1907 г. пабудавана каля галоўнага ўваходу сабора цагляная званіца паводле праекта В. Струева ў тым жа стылі, што і храм: трох’яруснае вежападобнае шатровае збудаванне, завершанае макаўкай. На працягу доўгага часу ў саборы вяліся рамонтна-рэстаўрацыйныя работы, якія завяршыліся ў 2014 г. Дзякуючы багаццю дэкаратыўных элементаў, а таксама эфектнай шматкупальнай кампазіцыі храм ператварыўся ў сапраўднае ўпрыгажэнне не толькі гандлёвай плошчы, але і ўсяго горада. Разам са званіцай стварыў гарманічны архітэктурны ансамбль, які па праве лічыцца візітнай карткай Барысава. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.