Любоў Пятроўна Казлоўская нарадзілася ў вёсцы Малыя Жукевічы Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства Польшчы (цяпер вёска Жукевічы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці) у сям’і сялян. Скончыла мясцовую няпоўную сярэднюю школу, дапамагала бацькам па гаспадарцы і адначасова працавала ў мясцовай сельскагаспадарчай арцелі (калгасе) імя М. Горкага (цяпер сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Пархімаўцы»). Адказная і працавітая калгасніца атрымала накіраванне на вучобу ў Ваўкавыскі зоаветэрынарны тэхнікум, які паспяхова скончыла ў 1964 г. Па размеркаванні трапіла ў Слонімскі раён Гродзенскай вобласці. З 1965 г. Любоў Казлоўская – заатэхнік па селекцыі калгаса «Прагрэс», потым – загадчык свінагадоўчай фермы.
У сярэдзіне 1960-х гг. ферма складалася з двух старых драўляных памяшканняў. Каб атрымаць добры прыплод і выгадаваць парасят, Л. Казлоўская стала ініцыятарам будаўніцтва новых жывёлагадоўчых памяшканняў. У 1971 г. быў уведзены ў строй комплекс па рэпрадукцыі свіней, пасля чаго асноўнай спецыялізацыяй калгаса стала свінагадоўля. Любоў Пятроўна ўзначаліла рэпрадуктыўную ферму па атрыманні прыплоду. Праектная магутнасць гэтай фермы складала 6 тысяч галоў у год, дзякуючы намаганням загадчыцы гэты паказчык быў павялічаны ў два разы. Настойлівая і карпатлівая работа, умелая арганізацыя працы свінаводаў, выдатнае веданне асноў заатэхніі і ветэрынарыі дазволілі атрымліваць па 13 тысяч парасят штогод.
Ферма, якой загадвала Л.П. Казлоўская, доўгія гады займала першае месца сярод свінагадоўчых ферм рэспублікі, была неаднаразовым удзельнікам Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР), выходзіла пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. За выдатныя поспехі ў рабоце Любоў Казлоўская была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ-й (1976) і ІІ-й (1982) ступеняў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 жніўня 1988 г. за дасягненне высокіх вынікаў у павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на аснове асваення інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў арганізацыі працы ў земляробстве і жывёлагадоўлі Любоў Пятроўна Казлоўская была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы І-й ступені.
У 1990-я гг. Л.П. Казлоўская стала ініцыятарам пераходу гаспадаркі на закрыты цыкл вытворчасці. У «Прагрэсе» сталі займацца не толькі гадаваннем парасят, але і адкормам маладых жывёл. Дзякуючы ініцыятыўнасці Л.П. Казлоўскай і самаадданай працы яе падначаленых гаспадарка змагла перайсці на самаакупнасць.
Любоў Пятроўна Казлоўская прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і вобласці, з’яўлялася дэлегатам Першага Усебеларускага народнага сходу (1996). У 2000 г. выйшла на заслужаны адпачынак. Узнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы І-й (1988), ІІ-й (1982) і ІІІ-й (1976) ступеняў, медалямі, у тым ліку ВДНГ СССР.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».