Васіль Іванавіч Філіпенка нарадзіўся ў вёсцы Багданава Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны асірацеў і быў вывезены акупантамі на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення апынуўся ў Калінінградзе.
У 1950 г. Васіль Філіпенка скончыў рамеснае вучылішча № 1 (цяпер Прыбалтыйскі суднабудаўнічы тэхнікум) у Калінінградзе. Працаваў слесарам на заводзе № 820 Міністэрства суднабудаўнічай прамысловасці СССР (зараз Прыбалтыйскі суднабудаўнічы завод «Янтар»). У 1957 г. узначаліў брыгаду, у 1963 г. без адрыву ад вытворчасці скончыў сярэднюю школу рабочай моладзі.
У 1966 г. за асаблівыя заслугі ў развіцці прамысловасці Калінінградскай вобласці Васілю Іванавічу Філіпенку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У 1970 г. скончыў Калінінградскі вячэрні суднабудаўнічы тэхнікум (цяпер Прыбалтыйскі суднабудаўнічы тэхнікум). У 1974 г. калектыву, які ўзначальваў Васіль Філіпенка, было прысвоена званне «Лепшая брыгада суднабудаўнічай прамысловасці СССР».
У 1975 г. за высокія дасягненні і шматгадовую бездакорную працу В.І. Філіпенка быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы III-й ступені. Працаваў на заводзе да выхаду на заслужаны адпачынак.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Працоўнай Славы III-й ступені (1975), медалямі, у тым ліку «За працоўную доблесць» (1963).
9 ліпеня 2015 г. на будынку цэха № 3 завода «Янтар» адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Іванавіча Філіпенкі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».