Барыс Міронавіч Франчанка нарадзіўся ў вёсцы Папехінка (цяпер у складзе Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і.
У 1954 г. пасля заканчэння Дубровіцкай няпоўнай сярэдняй школы пачаў працаваць у калгасе «Запаветы Леніна». У 1957 г. скончыў Клімавіцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі № 4 (цяпер Клімавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 14). Працаваў на Клімавіцкай машынна-трактарнай станцыі (МТС). Са снежня 1957 г. праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі, пасля заканчэння якой вярнуўся ў калгас «Запаветы Леніна». Праз два гады стаў працаваць у саўгасе «Ждановічы» Мінскага раёна.
У 1975 г. за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у павышэнні прадукцыйнасці працы, росце ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур і выкананні народнагаспадарчых планаў, павелічэнні вытворчасці, продажу прадуктаў земляробства і грамадскай жывёлагадоўлі, Барыс Франчанка узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы III-й ступені. У 1981 г. атрымаў ордэн Працоўнай Славы II-й ступені.
У 1986 г. за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, Барыс Міронавіч Франчанка быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы I-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.
Працаваў у саўгасе «Ждановіцкі цяплічны камбінат» (цяпер унітарнае прадпрыемства «Агракамбінат» Ждановічы») да выхаду на заслужаны адпачынак.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы I-й (1986), II-й (1981) і III-й (1975) ступеняў, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».