Алена Георгіеўна Хацько нарадзілася ў пасёлку Вішнёўка Слуцкага раёна Бабруйскай акругі БССР (цяпер у складзе Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.
Атрымала няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны працавала ў бацькоўскай гаспадарцы. Пасля вызвалення раёна летам 1944 г. стала санітаркай вайсковага шпіталя, які дыслацыраваўся ў Слуцку.
У 1946 г. вярнулася ў Вішнёўку і паступіла на працу ў паляводчую брыгаду сельскагаспадарчай арцелі (калгаса) «Прамень камуны» (цяпер сельскагаспадарчы філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»), прымала ўдзел у аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі.
У 1952 г. пераехала ў вёску Іванаўскія Агароднікі Кіраўскага сельсавета. Працавала ў паляводчай брыгадзе калгаса «Першае Мая», які паступова ператварыўся ў буйное шматгаліновае сельскагаспадарчае прадпрыемства і доўгія гады заставаўся адным з перадавых у раёне і вобласці. У 1953 г. прыйшла працаваць даяркай на калгасную ферму.
За кароткі тэрмін Алена Георгіеўна выйшла на перадавыя пазіцыі ў сацыялістычным спаборніцтве жывёлаводаў. За поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці малака, укараненне дасягненняў навукі і перадавых метадаў сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1958 г. Алена Георгіёўна Хацько была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», у 1966 г. атрымала ордэн Леніна.
У 1973 г. за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1972–1973 гг. Алене Георгіеўне Хацько было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Алена Хацько паклала пачатак руху даярак-пяцітысячніц на Случчыне. У яе з’явілася шмат паслядоўніц, а сама яна да выхаду на заслужаны адпачынак у 1983 г. паспяхова выконвала планавыя заданні, некалькі разоў прымала ўдзел у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ СССР), была адзначана медалямі і дыпломамі Галоўнага выставачнага камітэта. Алена Хацько прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, была дэлегатам трэцяга Усесаюзнага з’езда калгаснікаў у 1969 г.
Алена Георгіеўна Хацько ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна (1966, 1973), ордэнамі Айчыннай вайны II-й ступені (1985), «Знак Пашаны» (1958), медалямі. Яе імя занесена на Дошку гонару Слуцкага раёна.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».