Іван Фёдаравіч Хмарун нарадзіўся ў вёсцы Баравікі Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер аграгарадок Баравікі Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і.
Скончыў сем класаў мясцовай школы. Рана пачаў працоўную дзейнасць. З 1930 г. працаваў на будаўнічай базе Шацілкаўскай суднабудаўнічай верфі (Парыцкі раён БССР), дзе асвоіў прафесію сталяра.
У 1937 г. Іван Хмарун прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у Польскім паходзе Чырвонай Арміі (1939), у савецка-фінляндскай вайне (1939–1940), уводзе савецкіх войскаў у Бесарабію.
Скончыў Омскае вучылішча зенітнай артылерыі, праходзіў службу ў войсках Далёкаўсходняга фронту. Прымаў удзел у баях пад Сталінградам і Харкавам. У жніўні 1945 г. удзельнічаў у савецка-японскай вайне, узнагароджаны медалём «За перамогу над Японіяй». Праз год быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Беларусь.
Іван Фёдаравіч жыў у Мазыры, працаваў дыспетчарам Палескай абласной канторы па нарыхтоўцы збожжа. Затым вярнуўся ў родную вёску і працаваў брыгадзірам будаўнічай брыгады ў калгасе «Першае Мая», удзельнічаў у аднаўленні калгаснай гаспадаркі.
У 1950 г. І.Ф. Хмарун пераехаў у вёску Шацілкі Парыцкага раёна. З 1954 г. працаваў бетоншчыкам будаўнічага трэста № 3 (цяпер ААТ «Палессебуд») на будаўніцтве Васілевіцкай ДРЭС, дзе зарэкамендаваў сябе як вопытны будаўнік-бетоншчык. З 1961 па 1976 г. быў брыгадзірам комплекснай брыгады будаўнічых упраўленняў №№ 131 і 112. Калектыву Івана Хмаруна першым у трэсце было прысвоена званне «Брыгада камуністычнай працы» і даручаліся самыя адказныя аб’екты – будаўніцтва першай і другой чаргі завода штучнага валакна, узвядзенне асноўных карпусоў цэлюлозна-кардоннага камбіната.
У 1966 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў сямігадовага плана па капітальным будаўніцтве, Івану Фёдаравічу Хмаруну было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Іван Хмарун працаваў у сістэме будтрэста да выхаду на заслужаны адпачынак у 1976 г. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Айчыннай вайны II-й ступені (1985), медалямі, а таксама Ганаровай Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1965). У 1981 г. І.Ф. Хмарун стаў ганаровым грамадзянінам Светлагорска. Яго імем названа вуліца ў гэтым горадзе.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».