Васіль Канстанцінавіч Харужа нарадзіўся ў вёсцы Юльянова Плешчаніцкага раёна (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці). У час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам. Пасля вызвалення роднай вёскі працаў на аднаўленні калгаснай гаспадаркі. Наведваць школу пачаў ва ўзросце 14 гадоў.
У 1955 г. скончыў курсы шафёраў у вучэбнай частцы Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) горада Масквы. Службу праходзіў у горадзе Іванава.
У студзені 1959 г. Васіль Харужа паступіў працаваць вадзіцелем у аўтакалону № 1412 г. Іванава. Быў настаўнікам маладых шафёраў, ініцыятарам сацыялістычнага спаборніцтва. Без адрыву ад вытворчасці скончыў школу рабочай моладзі і Іванаўскі аўтатранспартны тэхнікум. Асвоіў усе тыпы грузавых машын: ЗІС-5, ЗіС-155, ЗІЛ-130, «Урал».
У 1968 г. выступіў ініцыятарам працы на аўтамабілі ЗІЛ з двума і трыма 5-тоннымі прычэпамі. Даўжыня такога аўтапоезда складала амаль 30 м. Праз пэўны час пачаў ездзіць з двума 8-тоннымі прычэпамі. У зімовы час выкарыстоўваў спецыяльна сканструяваныя ланцугі. Неаднаразова датэрмінова выконваў і перавыконваў планавыя паказчыкі.
У 1981 г. за выдатныя вытворчыя дасягненні, датэрміновае выкананне заданняў дзясятай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў Васілю Канстанцінавічу Харужу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Аўтацягнік Васіля Харужы прайшоў 500 тысяч кіламетраў без капітальнага рамонту, агульны прабег без паломак і аварый склаў 2,5 мільёна кіламетраў. У 2004 г. Васіль Канстанцінавіч Харужа выйшаў на заслужаны адпачынак.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1966, 1981), ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1976), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), медалём «За працоўную доблесць» (1963) і інш.
Імя Васіля Канстанцінавіча Харужы ўвекавечана на мемарыяле Героям-аўтамабілістам у Маскве.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».