Генрых Міхайлавіч Траццяк нарадзіўся ў вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сям’і фельчара.
Пасля вайны скончыў няпоўную сярэднюю школу. З малых гадоў дапамагаў бацькам весці гаспадарку, падлеткам пачаў працаваць у калгасе. Пазней атрымаў сярэднюю адукацыю ў Баранавіцкай вочна-завочнай школе рабочай моладзі.
У 1956 г. быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Пасля звальнення ў запас скончыў з адзнакай Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках і з 1969 г. працаваў галоўным аграномам у калгасе імя Ламаносава Ляхавіцкага раёна. На 10 гектарах зямлі заклаў вопытнае поле па вывучэнні эфектыўнасці ўнясення мінеральных угнаенняў пад збожжавыя культуры. За адзін год малады аграном дабіўся павелічэння ўраджайнасці збожжавых культур з 9,3 да 18 цэнтнераў з гектара і быў абраны старшынёй калгаса.
Пад кіраўніцтвам Г.М. Траццяка было здзейснена карэннае рэфарміраванне гаспадаркі, пад усе тэхналагічныя працэсы ў земляробстве і жывёлагадоўлі была падведзена навуковая аснова. Выкарыстанне на практыцы атрыманых у акадэміі ведаў дазволіла дасягнуць значнага росту сельскагаспадарчай вытворчасці. У 1975 г. Генрых Міхайлавіч Траццяк абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Эфектыўнасць прымянення мінеральных угнаенняў пад ячмень у залежнасці ад гатунку на дзярнова-падзолістых лёгкасуглінкавых глебах паўднёвага захаду Беларусі».
Дзякуючы настойлівай і карпатлівай працы старшыні-рэфарматара калгас імя Ламаносава выйшаў на лідзіруючыя пазіцыі ў галіне, дабіўся высокіх паказчыкаў вытворчасці прадукцыі. Ураджайнасць збожжавых культур у гады адзінаццатай пяцігодкі дасягнула 60 цэнтнераў з гектара. Быў пабудаваны сучасны жывёлагадоўчы комплекс на 800 галоў, умацавана кармавая база, што спрыяла росту прадукцыйнасці дойнага статка. Сярэднія надоі малака ад кожнай каровы перавысілі 4000 кілаграмы ў год. У гаспадарцы пашыраўся машынны парк, вялося будаўніцтва сучасных вытворчых будынкаў. На базе калгаса імя Ламаносава працавала абласная школа перадавога вопыту, дзейнічаў маладзёжны клуб навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 жніўня 1988 г. за выдатныя вынікі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на аснове асваення інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў арганізацыі працы ў земляробстве і жывёлагадоўлі і праяўленую працоўную доблесць, Генрыху Міхайлавічу Траццяку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Генрых Міхайлавіч паспяхова кіраваў гаспадаркай амаль трыццаць гадоўі пайшоў на заслужаны адпачынак у 1997 г. Прымаў актыўны ўдзел у працы раённай і абласной ветэранскіх арганізацый, навукова-вытворчай групы пры Ляхавіцкім райвыканкаме. У 2012 г. стаў уладальнікам сядзібы Бохвіцаў у вёсцы Флер’янова і заняўся яе аднаўленнем. Генрых Траццяк вызначыў сваёй мэтай не атрыманне прыбытку ад эксплуатацыі адноўленага сядзібна-паркавага ансамбля, а захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны Беларусі.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі і «Знак Пашаны», медалём «За працоўныя заслугі», залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ СССР.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».