Фёдар Іванавіч Трызна нарадзіўся ў Мазыры Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння інстытута працаваў навуковым супрацоўнікам Пушкінскай заатэхнічнай лабараторыі ў Ленінградскай вобласці. Перад самай вайной абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук.
У час Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Іванавіч разам з лабараторыяй быў адпраўлены ў тыл. Ён асабіста забяспечваў эвакуацыю пародзістых кароў. З 1942 г. працаваў старшым заатэхнікам саўгаса “Лясныя Паляны” Маскоўскай вобласці, які спецыялізаваўся на вырошчванні племяннога маладняку буйной рагатай жывёлы. Дзякуючы намаганням Ф.І. Трызны ў 1947 г. саўгас атрымаў па 4596 кілаграмаў малака з утрыманнем 161,6 кілаграмы малочнага тлушчу ад каровы. У наступным годзе саўгас палепшыў свае паказчыкі, атрымаўшы ад 65 кароў ужо па 5785 кілаграмаў малака з утрыманнем 212 кілаграмаў малочнага тлушчу ад каровы.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 кастрычніка 1949 г. за атрыманне высокай прадукцыйнасці жывёлагадоўлі ў 1948 г. пры выкананні саўгасамі плана здачы дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі і паляводства і выкананні дзяржаўнага плана развіцця жывёлагадоўлі па ўсіх відах жывёлы Фёдару Іванавічу Трызну было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
У 1952 г. Ф.І. Трызна быў прызначаны галоўным заатэхнікам, у 1954 г. стаў дырэктарам саўгаса “Лясныя Паляны”. З 1960 г. на заслужаным адпачынку. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета РСФСР, мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі, заслужаны заатэхнік РСФСР.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.