Васіль Паўлавіч Шыманскі нарадзіўся ў маёнтку або вёсцы Лошыца Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер мікрараён Лошыца Ленінскага раёна Мінска) у сям’і сельскага каваля.
Дзяцінства і юнацтва Васіля прайшлі ў суседняй вёсцы Калядзічы. Самастойную працоўную дзейнасць пачаў на чыгунцы суправаджальнікам паштовага вагона.
Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне ў 1940 г. У час Вялікай Айчыннай вайны да студзеня 1942 г. быў камандзірам кулямётнага ўзвода 908-га стралковага палка 264-й стралковай дывізіі 29-й Арміі. Вызначыўся ў ходзе Калінінскай наступальнай аперацыі ў баях пад гарадамі Заходняя Дзвіна і Ржэў. Агнём з кулямёта расстраляў штабную аўтамашыну з чатырма нямецкімі афіцэрамі. У баі 11 студзеня 1942 г. Васіль Шыманскі умела кіраваў кулямётнымі разлікамі пры адбіцці варожай контратакі і асабіста знішчыў 90 гітлераўцаў. У ходзе бою быў цяжка паранены і затым дэмабілізаваны.
З 1942 г. працаваў бухгалтарам у калгасе Куйбышаўскай (цяпер Самарскай) вобласці. Пасля вызвалення Беларусі ўлетку 1944 г. вярнуўся на радзіму. З 1944 г. працаваў бухгалтарам калгаса «Чырвоны спецыяліст» (з 1947 г. – калгас імя Гастэлы) у вёсцы Сеніца Мінскага раёна. На гэтай пасадзе зарэкамендаваў сябе як адказны працаўнік. Добра вёў улік калгаснай маёмасці, садзейнічаў наладжванню сельскагаспадарчай вытворчасці і умацаванню працоўнай дысцыпліны.
У 1958 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця гаспадаркі, старшыні калгаса Міхаілу Мікітавічу Валадзько было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
У канцы 1950-х гг. В.П. Шыманскі быў намеснікам старшыні калгаснага праўлення. Вясной 1961 г. узначаліў гаспадарку і за кароткі тэрмін праявіў сябе як здольны арганізатар і паслядоўны рэфарматар сельскагаспадарчай вытворчасці, шмат зрабіў для ўздыму гаспадаркі, павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця хлебаробаў.
У 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, воўны і іншай прадукцыі Васілю Паўлавічу Шыманскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
За поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі калгас імя Гастэлы ў 1967 г. быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За гады кіраўніцтва В.П. Шыманскага была праведзена поўная механізацыя працаёмкіх працэсаў у паляводстве, жывёлагадоўлі, рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і зборы ўраджаю. Значна пашырыўся машынна-трактарны парк, шырока разгарнулася электрыфікацыя вытворчасці. Адбыўся рост эканомікі гаспадаркі, разгарнулася будаўніцтва, былі ўзведзены рамонтныя майстэрні, аўтамабільны гараж, навесы для захоўвання камбайнаў, зернесклад, завод па вытворчасці абязводжаных кармоў і многія іншыя вытворчыя аб’екты; палепшыліся жыллёва-бытавыя ўмовы жыцця калгаснікаў, атрымала развіццё сацыяльна-культурная сфера гаспадаркі.
У 1977 г. Васіль Паўлавіч выйшаў на заслужаны адпачынак.
Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963–1967), дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных, членам рэспубліканскага Савета калгасаў. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966, 1971), ордэнамі Айчыннай вайны I-й ступені (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1958), медалямі, Ганаровай Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1960).
Імем Героя названа вуліца ў вёсцы Сеніца Мінскага раёна.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».