Барыс Васільевіч Шылец нарадзіўся ў вёсцы Ясменцы Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер Брагінскага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і.
Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. У 1941 г. быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу ў авіяцыйна-тэхнічную школу. Летам 1942 г. быў пераведзены ў навучальны танкавы полк. Прайшоў паскораны курс навучання і ўвосень таго ж года быў накіраваны ў дзеючую армію. У складзе адной з танкавых частак Барыс Шылец прыняў удзел у наступальнай аперацыі «Уран» па акружэнні буйной групіроўкі вермахта пад Сталінградам (цяпер – Валгаград). У 1943 г. быў цяжка паранены ў нагу. Пасля выздараўлення камісаваны.
У 1944 г. паступіў працаваць рахункаводам у калгас «Краіна Саветаў», што размяшчаўся ў в. Ясменцы, прымаў удзел у аднаўленні гаспадаркі. Зарэкамендаваў сябе як адказны і працавіты работнік, добра паставіў улік калгаснай маёмасці, садзейнічаў наладжванню сельскагаспадарчай вытворчасці і ўмацаванню працоўнай дысцыпліны. У 1948 г. Барыс Васільевіч стаў працаваць у паляводстве, рамантаваў сельскагаспадарчы інвентар, араў і сеяў, касіў і ўбіраў ураджай.
З 1950 г. працаваў у калгасе «Шлях да камунізму». Да 1953 г. займаў пасаду старшыні рэвізійнай камісіі.
У 1955 г. ўзначаліў паляводчую брыгаду ва ўзбуйненай гаспадарцы і ў хуткім часе дамогся высокіх ураджаяў. У 1958 г. за поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі, укараненне дасягненняў навукі і перадавых метадаў сельскагаспадарчай вытворчасці Барыс Васільевіч Шылец быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».
Завочна скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1959–1966 гг. брыгада пад яго кіраўніцтвам штогод дамагалася росту ўраджайнасці асноўных сельскагаспадарчых культур і нязменна займала першае месца ў сацыялістычным спаборніцтве ў калгасе і з’яўлялася адной з лепшых у раёне. На сваім участку брыгадзір Б.В. Шылец вёў працу па ўдасканаленні тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур, падняцці культуры земляробства і правільнай арганізацыі працы паляводаў.
У 1966 г. за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак жыта, пшаніцы, грэчкі і іншых збожжавых і кармавых культур, Барысу Васільевічу Шыльцу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У гады восьмай і з пачаткам дзявятай (1971–1975) пяцігодак Барыс Васільевіч разам з падначаленымі дамагаўся высокіх вытворчых паказчыкаў у працы і тым самым уносіў уклад у выкананне калгасам заданняў па продажу дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1975 г. на стане здароўя перайшоў на пасаду намесніка старшыні праўлення па гаспадарчай частцы і працаваў на ёй да выхаду на заслужаны адпачынак.
Барыс Васільевіч Шылец выбіраўся дэпутатам Брагінскага пасялковага Савета дэпутатаў працоўных, старшынёй групы народнага кантролю ў калгасе «Шлях да камунізму». Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Айчыннай вайны I-й ступені (1985), «Знак Пашаны» (1958), медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».