Дата рождения:
14.10.1934 Малыя Бортнікі, в., Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
03.12.2016
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (жывёлавод, цялятніца), Герой Сацыялістычнай Працы (1966), узнагароджана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалямі ВДНГ СССР, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі
Имена на других языках:
Цед Любовь Павловна (русский);
2100 символов
Справка
Любоў Паўлаўна Цэд нарадзілася ў вёсцы Малыя Бортнікі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны разам з іншымі дзецьмі была вывезена ў Германію. У 1945 г. вярнулася на радзіму.
З дванаццацігадовага ўзросту Люба пасвіла калгасны статак. Пасля заканчэння пачатковай школы была прынята ў калгас “Чырвоны партызан” (з 1950 г. узбуйнёны калгас “Гігант”) цялятніцай. У 1957 г. яна выгадавала 40 цялят. Прыбаўленне вагі кожнай жывёлы з групы Л.П. Цэд было вялікім па тым часе – 600–700 грамаў у суткі. У 1958 г. за поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці малака, укараненне дасягненняў навукі і перадавых метадаў сельскагаспадарчай вытворчасці Любоў Цэд была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У гады сёмай і наступных пяцігодак Л.П. Цэд неаднаразова прызнавалася лепшай цялятніцай калгаса, штогод выконвала і перавыконвала планы нарыхтовак мяса.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, воўны і іншай прадукцыі Любові Паўлаўне Цэд было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Перадавая калгасніца прымала ўдзел у працы Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, была адзначана медалямі і ганаровымі дыпломамі. Любоў Паўлаўна ахвотна дзялілася сакрэтамі свайго майстэрства, падрыхтавала восем высакакласных цялятніц. У 1981 г. яе працоўныя дасягненні былі адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”. Любоў Цэд працавала ў калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак у 1989 г.
Выбіралася дэпутатам Магілёўскага абласнога, Бабруйскага раённага і Бортнікаўскага сельскага Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалямі, у тым ліку двума медалямі ВДНГ СССР, адзначана Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.