Аляксандр Данілавіч Шаколін нарадзіўся ў вёсцы Высокае Рагачоўскага павета Гомельскай губерні РСФСР (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і.
Атрымаў пачатковую адукацыю ў мясцовай школе. Самастойна вывучыўся на трактарыста, з 16 гадоў працаваў механізатарам у мясцовым калгасе. У 1940 г. разам з сям’ёй пераехаў у Сартавальскі раён Карэліі і ўладкаваліся на працу ў мясцовы калгас. Неўзабаве пасля гэтага Аляксандр быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у Ленінградскай ваеннай акрузе.
У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у абароне Ленінграда, быў паранены. Пасля лячэння ў шпіталі вярнуўся на фронт. Удзельнічаў у баях пад горадам Вялікія Лукі, дзе атрымаў цяжкае раненне. Пасля лячэння быў накіраваны на нестраявую пасаду ў тылавую частку.
Пасля дэмабілізацыі Аляксандр Данілавіч працаваў рабочым, затым механізатарам у вучэбна-вопытнай гаспадарцы Сартавальскага сельскагаспадарчага тэхнікума. У 1960 г. перайшоў у саўгас «Сартавальский» і зарэкамендаваў сябе як спецыяліст па вырошчванні бульбы і нарыхтоўцы кармавых культур. Ён адным з першых у Карэліі укараніў комплекснае механізаванне для апрацоўкі культур і нарыхтоўцы сакавітых кармоў, з’яўляўся ініцыятарам руху за павышэнне ўраджайнасці бульбы, аднагадовых і шматгадовых траў. У 1973 г. Аляксандр Шаколін дамогся рэкорднага ўраджаю, сабраўшы ў сярэднім па 266 цэнтнераў бульбы з гектара. У гэтым жа годзе за вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць ў выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу збожжа і іншых прадуктаў земляробства яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Аляксандр Шаколін працаваў у саўгасе да выхаду на заслужаны адпачынак. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1973), Айчыннай вайны II-й ступені (1985) і Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), медалямі. Двойчы прымаў удзел у Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (1968, 1970).
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».