Дата рождения:
28.06.1924 Блеўчыцы, в., Капыльскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
1989
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (трактарыст, камбайнер), Герой Сацыялістычнай Працы (1973), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Варианты имени:
Выскварка Арсен Мікалаевіч
Имена на других языках:
Выскварко Арсений Николаевич (русский);
2145 символов
Справка
Выскварка Арсеній Мікалаевіч нарадзіўся ў вёсцы Блеўчыцы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і сялян. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. У час Вялікай Айчыннай вайны заставаўся на акупіраванай тэрыторыі.
Пасля вызвалення Беларусі А.М. Выскварка быў мабілізаваны і са жніўня 1944 г. знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ваяваў на 1-м і 3-м Беларускіх франтах, удзельнічаў у вызваленні Польшчы, Літвы, у баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Прымаў удзел у савецка-японскай вайне ў жніўні 1945 г.
Пасля дэмабілізацыі Арсеній Мікалаевіч вярнуўся на радзіму. Скончыў курсы вадзіцеляў аўтамабіляў, пасля перападрыхтоўкі з 1951 г. працаваў трактарыстам-камбайнерам у Чыжэвіцкай МТС і калгасе імя Ціміразева.
У дасканаласці авалодаў трактарам і камбайнам, стаў механізатарам высокай кваліфікацыі. Некалькі гадоў запар станавіўся чэмпіёнам жніва па намалотах збожжа. У 1965 г. Арсеній Мікалаевіч намалаціў рэкордную тысячу тон хлеба. Па выніках сямігодкі за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак збожжавых і кармавых культур, быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Ударна працаваў у гады восьмай і дзявятай пяцігодак. У трэцім, вырашальным годзе дзявятай пяцігодкі, узначаліў бульбаводчае звяно, якое сабрала з кожнага гектара па 230 цэнтнераў клубняў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 снежня 1973 г. за вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы, цукровых буракоў і іншых прадуктаў земляробства ў 1973 г. Арсенію Мікалаевічу Выскварку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Арсеній Выскварка працаваў у калгасе імя Ціміразева да выхаду на заслужаны адпачынак. Неаднаразова ўдзельнічаў у працы Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, быў адзначаны медалямі і дыпломамі.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.
Імя А.М. Выскваркі ўвекавечана на Алеі Герояў у Капылі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».