Уладзімір Яўменавіч Іваноў нарадзіўся ў вёсцы Паўлаўка (цяпер не існуе) Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны трапіў у палон, адбываў зняволенне ў нямецкіх канцэнтрацыйных лагерах. У красавіку 1945 г. быў вызвалены войскамі саюзнікаў.
Пасля вайны пераехаў у Запарожжа, працаваў цесляром будаўніча-мантажнага трэста «Запарожбуд». Удзельнічаў у будаўніцтве прамысловай пляцоўкі буйнога металургічнага завода «Запарожсталь», аднаўляў завод «Днепраспецсталь». Зарэкамендаваў сябе як ініцыятыўны работнік і выдатны арганізатар будаўнічай справы, які дасканала валодаў сумежнымі будаўнічымі спецыяльнасцямі.
У канцы 1940-х гг. Уладзімір Іваноў узначаліў комплексную будаўнічую брыгаду і нязменна кіраваў ёю амаль сорак гадоў. У 1965 г. скончыў Запарожскі будаўнічы тэхнікум. Уладзімір Яўменавіч штогод перавыконваў вытворчыя заданні, удзельнічаў ва ўзвядзенні шэрага прадпрыемстваў чорнай металургіі, быў заняты на будаўніцтве аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння горада Запарожжа.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ССР ад 11 жніўня 1966 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў сямігадовага плана па капітальным будаўніцтве, Уладзіміру Яўменавічу Іванову было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Уладзімір Іваноў некалькі разоў прымаў удзел у працы Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, узнагароджваўся дыпломамі і медалямі Галоўнага выставачнага камітэта. Уладзімір Яўменавіч Іваноў меў ганаровае званне заслужанага будаўніка Украінскай ССР, з’яўляўся ганаровым грамадзянінам горада Запарожжа, быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі, прэміяй Савета Міністраў СССР (1982).
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».