Дата рождения:
11.04.1929 Дзякшняны, в., Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
27.01.2013
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (кіраўнік комплекснай брыгады саўгаса), Герой Сацыялістычнай Працы (1976), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1970, 1976), медалямі, ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна (2000)
Имена на других языках:
Комар Федор Прокопович (русский); Комар Фёдор Прокопович (русский); Комар Федор Прокофьевич (русский); Комар Фёдор Прокофьевич (русский);
2628 символов
Справка
Фёдар Пракопавіч Комар нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і беззямельных сялян. З малых гадоў працаваў нароўні з дарослымі і толькі тры зімы правучыўся ў школе. Пасля ўз’яднання заходніх зямель Беларусі з Беларускай ССР у верасні 1939 г. працягнуў вучобу.
У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я Комараў засталася на акупіраванай тэрыторыі і вынесла ўсе нягоды ваеннага часу. Пасля вызвалення Беларусі Фёдар Комар атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю і быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. У палкавой школе набыў спецыяльнасць танкіста. Пасля звальнення ў запас вярнуўся на радзіму і ўступіў у калгас імя Мічурына (з 1962 г. саўгас імя Янкі Купалы).
У пачатку 1960-х гг. Фёдар Комар узначаліў адзін з вытворчых участкаў саўгаса. Пачаў з дэталёвага вывучэння палёў, затым павёў настойлівую і карпатлівую працу па ўдасканаленні тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур, паляпшэнні культуры земляробства і правільнай арганізацыі працы паляводаў. Адначасова змагаўся з засмечанасцю палёў, актыўна ўводзіў у севазварот былыя хутарскія ўгоддзі, пашыраў пасяўныя плошчы. Усё гэта дазволіла збіраць высокія ўраджаі гародніны, бульбы, збожжавых і кармавых культур.
У перыяд восьмай і дзявятай пяцігодак вытворчы ўчастак (з 1974 г. – комплексная брыгада), які ўзначальваў Ф.П. Комар, штогод даваў больш за тысячу тон збожжа, або амаль чвэрць усяго саўгаснага хлеба.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 сакавіка 1976 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у выкананні заданняў дзявятай пяцігодкі і прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі Фёдару Пракопавічу Комару было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Фёдар Комар неаднаразова прымаў удзел у працы Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, быў узнагароджаны медалямі і дыпломамі Галоўнага выставачнага камітэта. Адным з першых сярод хлебаробаў Маладзечаншчыны пачаў выкарыстоўваць індывідуальную здзельшчыну ў агародніцтве, групавую ўборку ўраджаю з дапамогай камбайнаў.
Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выбіраўся членам Маладзечанскага райкама, быў дэпутатам Радашковіцкага пасялковага Савета дэпутатаў працоўных. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1970, 1976), медалямі, ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна (2000).
У 1978 г. у выдавецтве «Ураджай» выйшла брашура «Наш девиз – больше и лучше», у якой Фёдар Комар падзяліўся вопытам работы комплекснай брыгады саўгаса імя Я. Купалы.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».