Наталля Рыгораўна Кухарэнка нарадзілася ў вёсцы Балотня (цяпер аграгарадок) Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Рана засталася сіратой, таму яшчэ падлеткам была вымушана працаваць нароўні з дарослымі. Некаторы час знаходзілася ў Ленінградзе, потым вярнулася на радзіму і чатыры гады працавала ў мясцовым саўгасе. У 1938 г. пераехала ў Падмаскоўе і стала даяркай на малочнатаварнай ферме племзавода «Ніканаўскае» Бронніцкага (з 1965 г. Раменскага) раёна Маскоўскай вобласці.
У 1951 г. яна надаіла ад кожнай каровы ў сярэднім па 6992 кілаграмаў малака з утрыманнем 237 кілаграмаў малочнага тлушчу, у той час калі сярэдні надой па ферме склаў 6477 кілаграмаў малака на фуражную карову.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 сакавіка 1954 г. за дасягненне высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі ў 1951 г. Наталлі Рыгораўне Кухарэнка было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
У наступныя гады Наталля Рыгораўна працягвала атрымліваць высокія надоі, шмат разоў з’яўлялася ўдзельніцай Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) СССР, узнагароджвалася медалямі і была прэміравана аўтамашынай «Перамога».
Выбіралася дэпутатам Маскоўскага абласнога, Раменскага раённага і Ніканаўскага сельскага Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджана ордэнам Леніна, сямю медалямі ВДНГ СССР.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».