Вёска Барчыцы мае вялікую і багатую гісторыю, якая налічвае тры стагоддзі. Першыя яе жыхары раскарчоўвалі навакольны лес, апрацоўвалі глебу, выраблялі розныя рэчы з лыка і кары, займаліся кавальствам. У пачатку ХІХ ст. Барчыцы ўваходзілі ў Рагачоўскі павет Магілёўскай губерні і належалі памешчыку. У 1816 г. вёска налічвала 22 двары, 106 жыхароў. У 1897 г. у вёсцы дзейнічала аднагадовая школа граматы і царкоўнапрыходская школа. У канцы ХІХ ст. у Барчыцах было 20 двароў і 151 жыхар, у 1908 г. – 97 гаспадарак і 745 жыхароў.
Першы калгас створаны ў 1931 г. Яго ўзначаліў П. Міхайлаў. У Вялікую Айчынную вайну Барчыцы былі акупіраваныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У ліпені 1943 г. яны спалілі 161 двор, расстралялі 36 жыхароў.
Пасляваенную гаспадарку ў Барчыцах узначаліў А. Лізуноў. У 1950-я гг. калгасы трох вёсак (Кісцяні, Глыбокавічы і Барчыцы) аб’ядналіся: быў створаны калгас імя Калініна (праіснаваў да 1978 г., потым увайшоў у склад калгаса «Камуніст» з цэнтральнай сядзібай у в. Добасна). У 1983 г. барчыцкі калгас зноў стаў асобнай сельскагаспадарчай адзінкай. У 2001 г. увайшоў у склад калгаса «Беларусь», у 2002 г. быў рэарганізаваны ў СВК «Калгас “Беларусь”», а яго старшынёй быў выбраны У. Ядчанка.
15 сакавіка 2010 г. рашэннем Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў в. Барчыцы ператворана ў аграгарадок, які з’яўляецца цэнтрам КСУП «Барчыцы-агра». Прадпрыемства спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, рапсу, кукурузы. Вытворчая база гаспадаркі, сацыяльна-абслугоўваючая сфера аграгарадка і навакольных вёсак дынамічна развіваюцца. У цяперашні час там працуюць дзяржаўная ўстанова адукацыі «Барчыцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок – сярэдняя школа», Дом культуры, бібліятэка, АТС, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, комплексна-прыёмны пункт, магазіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. на аснове інфармацыі, змешчанай на сайце Кіраўскага райвыканкама.