Аграгарадок Любонічы ўваходзіць у склад Любоніцкага сельскага Савета, размешчаны ў заходняй частцы Кіраўскага раёна. Першыя звесткі пра вёску з’явіліся ў XIV ст. У XIV–ХVIII стст. Любоніцкія землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У пачатку ХVII ст. у Любоніцкім маёнтку жыў літоўскі магнат С. Пац, пасля яго смерці маёнткам валодала жонка, потым – сын.
У 1841 г. у Любонічах была адкрыта царкоўнапрыходская школа (у той час там навучалася 40 хлопчыкаў). У 1851 г. у вёсцы жылі 189 мужчын і 226 жанчын, працаваў мукамольны завод Х. Фарбера, 3 заезджыя дамы, 8 крам дробнага тавару, 3 мясныя лаўкі, піўная крама, яўрэйская лазня.
У 1917 г. у Любонічах налічвалася 279 двароў і 1706 жыхароў. У 1918 г. у мястэчку ўсталявалася Савецкая ўлада. У 1930-я гг. пачаўся працэс калектывізацыі, быў арганізаваны калгас імя Сталіна. З 27 чэрвеня 1941 г. Любонічы акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Пасля вызвалення пачаўся працэс аднаўлення народнай гаспадаркі. У 1960-я гг. адбылося аб’яднанне калгасных гаспадарак у калгас “Радзіма”, праўленне якога размяшчалася ў Любонічах.
У 2008 г. вёска атрымала статус аграгарадка. У Любонічах размешчана малочнатаварная ферма, блок беспрывязнага ўтрымання, машынна-трактарны парк. У аграгарадку маецца невялікае прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны, працуюць аб’екты сацкультбыту, культуры і адукацыі: вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок – сярэдняя школа, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, бальніца сястрынскага догляду, аптэка, сельскі Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне паштовай сувязі і Беларусбанка, АТС, сацыяльны пункт, гандлёвыя аб’екты, Царква святых Касьмы і Даміяна (2003).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. на аснове інфармацыі, змешчанай на сайце Кіраўскага райвыканкама.