Першыя згадкі пра вёску Скрыпліца адносяцца да 1760 г., калі гэтую мясцовасць выбралі месцам свайго засялення стараабраднікі. У канцы ХІХ ст. вёска ўваходзіла ў склад маёнтка Добасна, які належаў І. Булгаку. Паводле перапісу 1897 г. Скрыпліца знаходзілася ў складзе Качэрыцкай воласці Мінскай губерні. У 1917 г. там налічвалася 124 двары, дзве царквы, 666 жыхароў.
У 1924 г. у Скрыпліцы быў арганізаваны калгас пад назвай “Другая пяцігодка”. У 1935 г. у вёсцы адкрылася пачатковая школа, якая размяшчалася ў сялянскіх хатах. У 1936 г. з двух цэркваў зрабілі вялікі будынак, дзе размясцілася пачатковая школа. У час Вялікай Айчыннай вайны вёска была акупіравана фашысцкімі захопнікамі. На фронце ваявалі 225 яе жыхароў, з іх 130 чалавек загінулі. За подзвіг, здзейснены ў баях за вызваленне вёскі Старое Заліцвінне Скрыпліцкага сельсавета, званне Героя Савецкага Саюза было пасмяротна прысвоена А.К. Шоміну.
У 1960 г. Скрыпліца стала цэнтрам саўгаса імя Кірава, які ўтварыўся шляхам дзялення саўгаса “Бераснёўскі”. У гаспадарцы займаліся вырошчваннем насення і коранеклубняплодаў, адкормам жывёл. У 2009 г. саўгас быў рэарганізаваны і далучаны да СВК «Калгас “Ніва”» (цяпер КСУП «Ніва – Барсукі»).
У снежні 2010 г. рашэннем Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў вёска Скрыпліца ператворана ў аграгарадок. Тут працуюць яслі-садок, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, магазін, Дом культуры, бібліятэка, АТС.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. на аснове інфармацыі, змешчанай на сайце Кіраўскага райвыканкама.