15 чэрвеня 1942 г. нямецка-фашысцкімі захопнікамі была праведзена адна з самых масавых карных аперацый на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. На працягу аднаго дня ў в. Боркі (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) загінула 486 мірных жыхароў. У гэты ж дзень гітлераўцы спалілі і расстралялі мірных жыхароў навакольных населеных пунктаў (Хватаўка, Доўгае Поле, Закрынічча, Чырвоны Араты, Пралетарскі, Дзяржынскі). Усяго загінула 1800 чалавек. У 1964 г. на брацкай магіле ў в. Боркі паставілі помнік. У пачатку 2000-х гг. побач з помнікам была ўзведзена праваслаўная капліца. У 2008 г. у Борках пачалося будаўніцтва мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці», ініцыятарам стварэння якога выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Л. Заяц. 31 жніўня 2008 г. комплекс быў адкрыты для наведвальнікаў. Аснову кампазіцыі склала Сцяна памяці з шасці гранітных пліт, на якіх былі высечаны назвы 112 знішчаных вёсак Магілёўшчыны, там жа заклалі капсулу з зямлёй, якую прывезлі са спаленых вёсак.
У 2020 г. комплекс рэканструявалі і пашырылі. Па праекту мінскіх скульптараў І. Арцімовіча, А. Сакалова і магілёўскага архітэктара М. Левашовай былі створаны новыя кампазіцыі: «Беларусь – журботная маці», «Вуліца», «Полымя», чорны калодзеж. Праект рэалізаваны на ободвух дзяржаўных мовах з выкарыстанннем сучасных аптычных і акустычных тэхналогій. У ходзе рэканструкцыі былі на гранітных плітах каля капліцы дадаткова выгравіравалі назвы яшчэ 33 спаленых вёсак Магілёўшчыны і 649 прозвішчаў загінуўшых людзей. На прылягаючай да комплексу тэрыторыі быў закладзены парк з маладзенькіх бяроз, ліп, дубоў, яблынь, вербаў, рабін. 20 чэрвеня 2020 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё аб’екта.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.