Дата рождения:
20.02.1932 Казловічы, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
10.12.2005 Казловічы, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
работнік сельскай гаспадаркі (механізатар, звеннявы механізаванага звяна па вырошчванні бульбы і буракоў), Герой Сацыялістычнай Працы (1975), узнагароджаны ордэнамі Леніна (1971, 1975), медалямі
Имена на других языках:
Синегуб Иван Леонтьевич (русский);
2536 символов
Справка
Іван Лявонцьевіч Сінягуб нарадзіўся ў вёсцы Казловічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны дзіцём перажыў акупацыю вёскі войскамі гітлераўскай Германіі. Рана застаўся без бацькі і змог скончыць толькі пяць класаў няпоўнай сярэдняй школы ў роднай вёсцы.
У 1951 г. Іван Сінягуб быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Пасля звальнення ў запас стаў працаваць у мясцовым калгасе імя С.М. Кірава на палявых работах. Праз некаторы час скончыў вячэрнія курсы механізатараў пры Палажэвіцкай школе механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй) і амаль дзесяць гадоў працаваў трактарыстам.
У 1963 г. калгаснае праўленне даверыла І.Л. Сінягубу ўзначаліць механізаванае звяно па вырошчванні бульбы і цукровых буракоў. Яму прыйшлося шмат папрацаваць, каб дабіцца поспеху ў гэтай справе. Звеннявы і яго падначаленыя актыўна ўдзельнічалі ва ўборцы збожжавых, а затым пераходзілі на свой участак і на высокім агратэхнічным узроўні вялі збор бульбы і буракоў. У зімовую пару вывозілі ўгнаенні на палі, якасна і своечасова праводзілі рамонт тэхнікі.
Увесь вольны час Іван Лявонцьевіч займаўся самаадукацыяй, вывучаў спецыяльную літаратуру, пераймаў перадавы вопыт бульбаводаў і буракаводаў Міншчыны. У дзявятай пяцігодцы звяно І.Л. Сінягуба давяло ўраджайнасць бульбы да 328 цэнтнераў клубняў з гектара, а ў далейшым пераадолела мяжу ў 350 цэнтнераў. Самаадданая праца па вырошчванні цукровых буракоў дазволіла давесці іх ўраджайнасць да 350, а затым і да 400 цэнтнераў з кожнага гектара.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 лютага 1975 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, і праяўленую працоўную доблесць у датэрміновым выкананні заданняў дзявятай пяцігодкі і прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі Івану Лявонцьевічу Сінягубу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Як наватар сельскагаспадарчай вытворчасці Л.І. Сінягуб неаднаразова прымаў удзел у рабоце Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1971, 1975), медалямі.
Іван Лявонцьевіч Сінягуб прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці: выбіраўся дэпутатам Казловіцкага сельскага Савета народных дэпутатаў, членам праўлення калгаса, старшынёй калгаснага савета настаўнікаў.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».