Васіль Трыфанавіч Чыжыкаў нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1925 г. яго бацькі пераехалі ў Сібір і пасяліліся ў сяле Кадніха Тагучынскага раёна. Тут Васіль скончыў пачатковую школу, затым курсы трактарыстаў пры Тагучынскай МТС. Працаваў у калгасе «Беларусь».
У снежні 1941 г. Васіль Чыжыкаў быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Пасля навучання ў Гур’еўскім вучылішчы ў маі 1942 г. быў залічаны ў мінамётную частку. Ваяваў на Заходнім, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. У ліпені 1945 г. у складзе танкавай брыгады быў напраўлены на Далёкаўсходні фронт. Удзельнічаў у вызваленні гарадоў Харбін, Муданьцзян.
Пасля дэмабілізацыі ў маі 1947 г. В.Т. Чыжыкаў вярнуўся на працу ў калгас «Беларусь», пазней рэарганізаваны ў саўгас «Палітаддзелец». Працаваў на трактарах ДТ-54, С-80. Араў зямлю, баранаваў, сеяў, а падчас уборачнай кампаніі садзіўся за штурвал камбайна.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці, і выкананне пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства Васілю Трыфанавічу Чыжыкаву было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Васіль Трыфанавіч Чыжыкаў выбіраўся дэпутатам сельскага Савета, з’яўляўся кіраўніком дэпутацкай групы сяла Кадніха. У 1983 г. выйшаў на заслужаны адпачынак. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, Славы ІІІ ступені, медалямі.
Памяць пра В.Т. Чыжыкава старанна захоўваецца ў Тагучыне.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».