Фядосій Піліпавіч Войчанка нарадзіўся ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў сям’і сялян. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзіцём перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю. Да службы ў Савецкай Арміі працаваў у калгасе.
У 1956 г. уладкаваўся на Дзяржаўны саюзны завод № 260 у Пярмі (з 1967 г. Пермскі веласіпедны завод), дзе асвоіў спецыяльнасць газаэлектразваршчыка. Паспяхова скончыў курсы інструктараў па кантактнай зварцы ў Ленінградзе, стаў высокакваліфікаваным спецыялістам. Фядосій Піліпавіч заўсёды выконваў найбольш складаныя і адказныя заданні своечасова і якасна. Па выніках сёмай пяцігодкі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. З 1966 г. працаваў наладчыкам зварачнага і газарэзальнага абсталявання.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 красавіка 1971 г. за выдатныя заслугі ў выкананні заданняў пяцігадовага плана Фядосію Піліпавічу Войчанку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Фядосій Войчанка працаваў на заводзе да выхаду на заслужаны адпачынак. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».