Важным напрамкам дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляецца публікацыя даследаванняў па гісторыі кніжнай культуры Беларусі. Гэтай мэце ўжо 25 гадоў служыць штогадовы зборнік “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі”, які быў заснаваны ў 1995 г. і на сёння з’яўляецца вядучым навуковым выданнем Рэспублікі Беларусь у галіне кнігазнаўства.
Зборнік “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі” з’яўляецца шматпрофільным рэцэнзаваным навуковым выданнем. Ён уключаны ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных навуках (бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве), гістарычных навуках (дакументалістыцы, дакументазнаўстве, архівазнаўстве, гістарыяграфіі, крыніцазнаўстве і метадах гістарычных даследаванняў) і культуралогіі.
Тэматычны ахоп зборніка ўключае праблемы вывучэння, захавання і выкарыстання дакументальнай спадчыны Беларусі, гісторыю рукапіснай і друкаванай кнігі, архіўных дакументаў, бібліятэчнай справы, пытанні мастацтва кнігі, бібліяфільства, гістарычных кнігазбораў і правененцый.