Міхаіл Сцяпанавіч Баранок нарадзіўся ў вёсцы Гарбачы Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны застаўся без бацькі. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў вёсцы Рубеж адслужыў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі. У 1960 г. паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут імя Кастрычніцкай Рэвалюцыі (цяпер – Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны). У 1965 г. скончыў яе заатэхнічны факультэт і стаў галоўным заатэхнікам адной з вопытна-вытворчых гаспадарак. У 1966–1971 гг. быў галоўным заатэхнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Пагарскага райвыканкама Бранскай вобласці РСФСР.
У 1971–1997 гг. Міхаіл Сцяпанавіч Баранок узначальваў калгас «Перамога» ў сяле Юдзінава Пагарскага раёна. Пад яго кіраўніцтвам адсталы калгас хутка выйшаў у лік перадавых: у 1973 г. грашовы даход гаспадаркі перавысіў 1,5 мільёна рублёў, а ўзровень рэнтабельнасці вытворчасці дасягнуў 38%. За павелічэнне вытворчасці продажу прадуктаў жывёлагадоўлі калгас быў удастоены Чырвонага сцяга Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР. У снежні 1982 г. калгас «Перамога» стаў пераможцам ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве. Гаспадарка штогод будавала дарогі, дамы для маладых сем’яў, гаспадарчыя памяшканні. У 1983 г. здадзены ў эксплуатацыю самы вялікі ў вобласці сельскі Дом культуры з глядзельнай залай на 400 месцаў, спартыўнай і танцавальнай заламі, пакоямі для гуртковай работы. У 1990 г. завяршылася будаўніцтва дзіцячага садка на 140 месцаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 жніўня 1986 г. за выдатныя вытворчыя дасягненні, паспяховае выкананне заданняў адзінаццатай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў і праяўленую працоўную доблесць Міхаілу Сцяпанавічу Баранку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Міхаіл Сцяпанавіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета РСФСР (1980–1990), Бранскай абласной Думы (1996–2000), быў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1976; 1986), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1981), «Знак Пашаны» (1973), медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».