Дата рождения:
17.11.1922 Плецявішча, в., Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
не пазней 2013
Краткая справка:
работнік сувязі (кабельшчык-спайшчык), Герой Сацыялістычнай Працы (1971), заслужаны сувязіст Беларусі, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ст., медалямі, удзельнік падпольнага і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны
Имена на других языках:
Гончарик Александр Петрович (русский);
2025 символов
Справка
Аляксандр Пятровіч Ганчарык нарадзіўся ў вёсцы Плецявішча Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе. У 1940 г. скончыў школу фабрычна-заводскага навучання і стаў друкаром Мінскай друкарні імя Сталіна.
У чэрвені 1941 г. падчас працоўнага адпачынку прыехаў у родную вёску, дзе яго застала Вялікая Айчынная вайна. З першых дзён акупацыі Аляксадр Ганчарык актыўна ўключыўся ў барацьбу з захопнікамі. У складзе падпольнай моладзевай групы збіраў і хаваў зброю, наладжваў сувязі з падпольшчыкамі. У сакавіку 1942 г. стаў сувязным партызанскага атрада «Чырвоны сцяг», з ліпеня 1942 г. быў партызанам, паказаў сябе смелым і рашучым байцом.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Аляксандр Ганчарык быў накіраваны на аднаўленне Мінска. Са жніўня 1944 г. працаваў на Мінскім лінейна-тэхнічным вузле сувязі, а з 1946 г. – на Ленінскім раённым вузле сувязі. Дасканала авалодаў прафесіяй кабельшчыка-спайшчыка, якому даручалі самыя адказныя і складаныя заданні. У гады восьмай пяцігодкі ён унёс і ўкараніў у вытворчасць шэраг рацыяналізатарскіх прапаноў, якія далі вялікі эканамічны эфект.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 мая 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні задання пяцігадовага плана па развіцці сродкаў сувязі, тэлебачання і радыёвяшчання, Аляксандру Пятровічу Ганчарыку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Да выхаду на заслужаны адпачынак Аляксандр Пятровіч працаваў на Ленінскім вузле сувязі. За час працы навучыў сваёй спецыяльнасці дзясяткі маладых рабочых.
Аляксандр Пятровіч Ганчарык выбіраўся дэпутатам Цэнтральнага раённага Савета г. Мінска, быў членам Мінскага абкама рэспубліканскага прафсаюза работнікаў сувязі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ-й ступені, медалямі. Меў ганаровае званне «Заслужаны сувязіст Беларускай ССР» (1966).
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».